be
Arrow
Мінск 06:08

Амбасада ЗША ў Мінску зноў заклікала сваіх грамадзян неадкладна пакінуць Беларусь

21 жніўня, Позірк. Амбасада Злучаных Штатаў Амерыкі ў Мінску 21 жніўня звярнулася да сваіх грамадзян з просьбай неадкладна пакінуць Беларусь і не ўязджаць у краіну.

Дыппрадстаўніцтва нагадвае, што ўрад Літвы 18 жніўня закрыў два пункты пропуску на мяжы з Беларуссю, а “ўрады Польшчы, Літвы і Латвіі заявілі, што магчыма далейшае закрыццё пунктаў пропуску на мяжы з Беларуссю”.

Амбасада заклікае сваіх грамадзян “не наведваць Беларусь у сувязі з працягам садзейнічання з боку беларускіх уладаў нападу Расіі на Украіну, нарошчваннем расійскіх узброеных сіл у Беларусі, адвольным прымяненнем мясцовых законаў, магчымасцю грамадзянскіх беспарадкаў, рызыкай затрымання і абмежаванай здольнасцю амбасады аказаць дапамогу грамадзянам ЗША, якія пражываюць у Беларусі або тым, хто накіроўваецца ў яе”.

Грамадзянам ЗША, якія знаходзяцца ў Беларусі, “трэба неадкладна пакінуць краіну”, разгледзеўшы магчымасць выезду праз дзейныя пункты перасячэння мяжы з Літвой і Латвіяй.

23 студзеня 2022 года, за месяц і адзін дзень да пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну пры падтрымцы беларускіх уладаў, Злучаныя Штаты рэкамендавалі суайчыннікам не наведваць Беларусь. Грамадзянам ЗША нагадалі аб неабходнасці “праяўляць павышаную ўвагу і пільнасць адносна палітычнай і ваеннай напружанасці ў рэгіёне”.

31 студзеня таго ж года Дзяржаўны дэпартамент ЗША распарадзіўся аб ад’ездзе з Беларусі членаў сем’яў амерыканскіх дзяржслужачых. Дзярждэп не рэкамендаваў сваім грамадзянам наведваць Беларусь “з-за адвольнага характару прымянення законаў, рызыкі быць затрыманым, а таксама нетыповага і выклікаючага занепакоенасць нарошчвання расійскай ваеннай моцы ўздоўж мяжы Беларусі з Украінай”.

12 красавіка 2023 года амбасада ЗША ў Мінску яшчэ раз рэкамендавала суграмадзянам “неадкладна пакінуць” тэрыторыю Беларусі.

* Да ўвагі падпісчыкаў: у рускамоўнай версіі сайта апублікована два варыянты навіны: першапачатковы і іспраўлены. Тут прыведзены скарэктаваны варыянт.

Падзяліцца: