Мінск 15:11

Арыштаваны па абвінавачанні ў тэрактах на БАМе — былы работнік “Нафтана”, удзельнік стачкі 2020 года

Сяргей Ерамееў. Фота: "Краіна для жыцця" / "Позірк" (калаж)

9 снежня, Позірк. Затрыманы па падазрэнні ў тэрактах на Байкала-Амурскай магістралі грамадзянін Беларусі арыштаваны да 30 студзеня 2024 года. Пра гэта паведаміла расійскае інфармагенцтва ТАСС па выніках пасяджэння Цэнтральнага раённага суда Омска.

Названа прозвішча арыштаванага — Сяргей Ерамееў — і апублікавана яго фатаграфія ў зале суда. Ён абвінавачваецца ў падрыве двух цягнікоў з нафтапрадуктамі. Ерамееў будзе ўтрымлівацца ў Омскім СІЗА.

Як паведамляе агенцтва, Ерамееў заявіў, што хацеў паралізаваць рух на чыгунцы: “Я напісаў у тлумачэнні, што праз БАМ цяпер вязуць боепрыпасы… Галоўная мэта была — перашкодзіць руху”.

52-гадовы Сяргей Ерамееў — былы работнік наваполацкага прадпрыемства “Нафтан”, з’яўляўся прыбарыстам кантрольна-вымяральных прыбораў і аўтаматыкі, паведаміла “Позірку” крыніца, якая пажадала застацца ананімнай (імя рэдакцыі вядома). У якасці доказу былі прадстаўлены фатаграфія Ерамеева, яго службовы пропуск і заява на імя дырэктара прадпрыемства ад 25 лістапада 2020 года аб далучэнні да агульнанацыянальнай стачкі.

Гл. таксама па тэме:

ФСБ Расіі затрымала грамадзяніна Беларусі па падазрэнні ў дыверсіі на БАМе

Падзяліцца: