Мінск 12:47

На сустрэчы з прэзідэнтам Кеніі Лукашэнка заявіў пра неабходнасць “выйсці на нейкі канкрэтны план” супрацоўніцтва

Фота: "Пул Першага"

10 снежня, Позірк. На сустрэчы з прэзідэнтам Кеніі Уільямам Рута Аляксандр Лукашэнка заявіў аб неабходнасці “вызначыць напрамкі далейшага [двухбаковага] супрацоўніцтва і выйсці на нейкі канкрэтны план па гэтых напрамках”.

Візіт Лукашэнкі ў гэтую афрыканскую краіну пачаўся 10 снежня, паведаміла яго прэс-служба.

“Мы з вамі дамовіліся [падчас сустрэчы на кліматычным саміце ААН] у Дубаі, што сустрэнемся і абмяркуем нашы першыя крокі па ўсталяванні гандлёва-эканамічных і больш цесных палітычных адносін”, — сказаў Лукашэнка.

Паводле яго слоў, пры ўзаемным жаданні супрацоўнічаць магчымая выпрацоўка адпаведнай “дарожнай карты”, як “мы гэта зрабілі з іншымі краінамі афрыканскага кантынента”.

“Калі мы дамовімся, мы пройдзем хутка гэты шлях. Таму што ваша краіна вельмі важнае стратэгічнае становішча займае ў Афрыцы. Вы шмат у чым вызначаеце палітыку афрыканскага кантынента”, — адзначыў Лукашэнка, звяртаючыся да Рута.

Паведамляецца, што ён запрасіў прэзідэнта Кеніі наведаць Беларусь, а таксама прапанаваў “групам спецыялістаў” дзвюх дзяржаў “абмяняцца візітамі, блізка пазнаёміцца з краінамі, каб падрыхтаваць канкрэтны план дзеянняў па развіцці супрацоўніцтва”.

7 чэрвеня міністр замежных спраў Беларусі Сяргей Алейнік на сустрэчы з міністрам гандлю, прамысловасці і інвестыцый Рэспублікі Кенія Мозесам Курыа і міністрам сельскай гаспадаркі і развіцця жывёлагадоўлі гэтай краіны Франклінам Міціка абмеркаваў гатоўнасць нарошчвання супрацоўніцтва ў сельскагаспадарчай сферы, у тым ліку ў частцы паставак беларускай сельскагаспадарчай тэхнікі і ўгнаенняў.

Адзначалася, што “ключавымі на перамовах сталі пытанні супрацоўніцтва дзвюх краін у сферы сельскай гаспадаркі, харчовай бяспекі, прамысловай кааперацыі”, а таксама магчымасці “выкарыстання перадавога беларускага вопыту і тэхналогій пры стварэнні прадпрыемстваў харчовай прамысловасці на тэрыторыі Кеніі”.

Беларускія ўлады адносяць дзяржавы Афрыкі да “далёкай дугі”, на якую ўскладаюць вялікія надзеі.

Алейнік знаходзіўся з візітам у Кеніі 1–3 красавіка.

Дыпламатычныя адносіны паміж Беларуссю і Кеніяй устаноўлены 17 лістапада 1993 года. У 2021 годзе тавараабарот паміж краінамі склаў 10,5 млн долараў.

Гл. таксама:

Беларусь і Экватарыяльная Гвінея маюць намер рэалізаваць 74 сумесныя праекты, Лукашэнка назваў гэта подзвігам

Падзяліцца: