Мінск 19:50

Ціханоўская: Калі палітычныя сілы не гатовыя да дэмакратычных перамен, адна дыктатура змяняецца іншай

Святлана Ціханоўская
Фота: твітар-акаўнт Святланы Ціханоўскай

13 снежня, Позірк“Калі палітычныя сілы не гатовыя да дэмакратычных перамен, то адна дыктатура змяняецца іншай”, — адзначыла кіраўніца Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК) Святлана Ціханоўская ў відэазвароце 13 снежня падчас прэзентацыі праекта “Стратэгіі пераходу да новай Беларусі”.

Паводле яе слоў, дакумент стаўся вынікам супольнай працы дэмакратычных сіл, а таксама “экспертаў у галінах палітыкі, эканомікі, грамадзянскіх адносін”.

“Можа здацца, што гэты дакумент ў цяперашніх умовах заўчасны, аднак досвед такіх краін, як Іран, Гаіці, Паўночная Карэя, кажа пра адваротнае, — заявіла Ціханоўская. — Таму нельга, каб гістарычны шанец заспеў нас знянацку, думаю, гэта мы ўжо праходзілі. Стратэгія перахода да новай Беларусі — гэта бачанне, як ператварыць нашу краіну ў незалежную, дэмакратычную і праеўрапейскую”.

Праект стратэгіі распрацавалі прадстаўнікі офіса Ціханоўскай, АПК, Каардынацыйнай рады, арганізацый грамадзянскай супольнасці, аналітычных цэнтраў у сферы эканомікі, палітыкі, стратэгічнай камунікацыі, права, міжнародных адносін.

Утрымлівае бачанне неабходных перамен і планы дэмсіл на перыяд пераходу ад дыктатуры да дэмакратыі. Тычыцца “аднаўлення канстытуцыйнага парадку”, “правядзення дэмакратычных выбараў”, “забеспячэння работы сістэмы дзяржкіравання і надання паслуг насельніцтву”, “аднаўлення законнасці і справядлівасці”, “знешняй палітыкі і міжнародных абавязальніцтваў”, “забеспячэння эканамічнай стабільнасці і развіцця”, “аднаўлення ўмоў для развіцця грамадзянскай супольнасці і палітычнага плюралізма”, “асноўных шагоў нацыянальнага адраджэння”, “забеспячэння грамадскай падтрымкі рэформ у пераходны перыяд”.

Падзяліцца: