Мінск 07:35

Дэмсілы прадставілі чатыры магчымыя сцэнарыі транзіту ўлады ў Беларусі

Скрыншот з сайта Ціханоўскай

13 снежня, Позірк. Чатыры магчымых сцэнарыі транзіту ўлады ў Беларусі ўтрымлівае праект “Стратэгіі пераходу да новай Беларусі”, прадстаўлены 13 снежня ў офісе дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай.

Дакумент, прапанаваны для грамадскага абмеркавання, распрацавалі прадстаўнікі офіса Ціханоўскай, Аб’яднанага пераходнага кабінета, Каардынацыйнай рады, арганізацый грамадзянскай супольнасці, шэрагу аналітычных цэнтраў. Праект стратэгіі дэманструе бачанне неабходных перамен і планы дэмсіл на перыяд пераходу ад дыктатуры да дэмакратыі.

Першы сцэнарый прадугледжвае перамены ў выніку перамоў. Згодна з ім, Расія, саслабелая праз вайну, не можа гэтак жа, як раней, надаваць Мінску эканамічную, ваенную і палітычную падтрымку. У Беларусі “пагаршаецца сацыяльна-эканамічнае становішча ў выніку санкцый і наступстваў саўдзелу ў вайне з Украінай”.

“Прадстаўнікамі беларускай наменклатуры прадпрымаюцца спробы ўступіць у перамовы з краінамі Захаду і дэмсіламі для зняцця санкцый і аднаўлення адносін, паколькі рэсурсаў для падтрымання рэжыму і вырашэння праблемаў, якія ўзніклі, у іх недастаткова, а пагроза іх асабістай бяспецы занадта вялікая, — адзначана ў гэтым сцэнарыі. — У выніку агульных дамоўленасцяў усіх зацікаўленых бакоў пачаў працу агульнанацыянальны круглы стол, мэтай якога з’яўляецца ўзгадненне працэсу ўрэгулявання палітычнага крызісу. Фармуецца ўрад пераходнага перыяду, у які ўвайшлі як прадстаўнікі наменклатуры, так і прадстаўнікі дэмсіл”.

Паводле гэтай мадэлі, перамоўны працэс “суправаджаецца супярэчнасцямі пазіцый удзельнікаў перамоў, канфліктамі, спробамі супрацьдзеяння <…> з боку Расіі і некаторых сіл унутры краіны (прарасійскіх сіл, прыхільнікаў і бенефіцыяраў рэжыму Лукашэнкі)”.

Бакі ўзгадняюць “парадак вызвалення палітзняволеных, правядзення канстытуцыйнай рэформы, выбараў, зняцця санкцый, гарантый бяспекі для перамоўцаў і гарантый выканання дамоўленасцяў”, “адбываецца рэалізацыя <…> рашэнняў”.

Другі сцэнарый звязаны з пераменамі пад унутраным ціскам грамадства. Ён, на думку аўтараў, будзе магчымы, калі ў выніку паразы ў вайне супраць Украіны ў Расіі мяняецца ўлада, РФ знясілена канфліктам, санкцыямі, “ёй не да Беларусі”. Лукашэнка страчвае былую палітычную і фінансавую падтрымку з боку Масквы.

“У Беларусі рэзка пагаршаецца сацыяльна-эканамічнае становішча ў выніку санкцый і зніжэння рынку збыту для беларускіх тавараў у Расіі, — адзначана ў сцэнарыі. — Пры гэтым наменклатура і сілавікі пачынаюць разумець, што ў Лукашэнкі больш няма знешняй падтрымкі, а Расія занятая ўнутранымі справамі і не мае сілаў падтрымліваць прыхільнікаў “рускага свету” у Беларусі”.

У краіне “пачынаецца забастоўка аднаго з буйных прадпрыемстваў, выкліканая эканамічнымі прычынамі”, да яе далучаюцца “іншыя прадпрыемствы”. Адначасова ў Беларусь “вяртаецца частка добраахвотнікаў, якія атрымалі ваенны досвед ва Украіне”, “праходзяць акцыі пратэсту”. “Пачынаюцца сілавыя сутыкненні з унутранымі войскамі. Армія трымае нейтралітэт. Адбываецца раскол у сілавых структурах”, — прадугледжвае гэты сцэнарый.

У выніку развіцця падзей “пратэстоўцы захопліваюць адміністрацыю прэзідэнта і іншыя аб’екты крытычнай інфраструктуры”, Лукашэнка “або арыштаваны, або ўцякае з краіны”. У краіне “створаны урад пераходнага перыяду, падкантрольны прадстаўнікам дэмсіл”, ён вызваляе палітвязняў, праводзіць новыя выбары і канстытуцыйную рэформу пад назіраннем БДІПЧ АБСЕ. Міжнародная супольнасць іх прызнае.

Трэці сцэнарый звязаны з паступовай трансфармацыяй рэжыму. Гэты працэс, паводле аўтараў мадэлі, магчымы, калі Лукашэнка перастае фактычна выконваць функцыі кіраўніка дзяржавы — у выніку смерці, цяжкай хваробы, няўдзелу у выбарах, але “не пад ціскам знешніх фактараў”. Як і ў мінулых сцэнарыях, прадугледжваецца, што Расія слабая з-за вайны і “не можа выкарыстоўваць увесь спектр інструментаў уздзеяння на Беларусь”.

“Прэзідэнтам становіцца чалавек з наменклатурнага асяроддзя. Новы прэзідэнт не мае негатыўнага багажу злачынстваў, здзейсненых Лукашэнкам. Аднак ён атрымлівае ў спадчыну краіну, якая знаходзіцца пад санкцыйным ціскам, з перакосамі ў эканоміцы, мноствам сацыяльных праблем. Новы прэзідэнт хоча нармалізаваць стасункі з Захадам, зняць санкцыі і аднавіць гандлёвыя стасункі з ЕС і Украінай, і таму пачынае працэс дээскалацыі”, — гаворыцца ў сцэнарыі.

У краіне з’яўляюцца партыі, “падкантрольныя розным групам выканаўчай вертыкалі і бізнесу”, яны маюць “прэтэнзіі на ўладу”. Новы кіраўнік дзяржавы спыняе рэпрэсіі, часткова вызваляе палітвязняў, пагаджаецца саступіць нейкую дзель сваіх паўнамоцтваў парламенту, зрабіць больш самастойнымі мясцовыя органы ўлады, што “прыводзіць да частковага зняцця санкцый”.

Змяняецца Канстытуцыя ўзору 2022 года, дэмсілы “адвакатуюць свае прапановы”, Усебеларускі народны сход ліквідуецца, або трансфармуецца ў “канстытуцыйны сход, які склікаецца толькі для мэтаў змянення Канстытуцыі”.

“Беларусь — краіна са змяшанай формай кіравання. У новых выбарах удзельнічаюць кандыдаты ад дэмсіл. Міжнародная супольнасць прызнае выбары”, — адзначаюць аўтары.

Згодна з апошнім сцэнарыем, які звязаны з пераменамі пад знешнім ціскам, беларуская войска ўступае ў вайну з Украінай на баку Расіі, заходзіць на ўкраінскую тэрыторыю. Ад гэтага моманту на яе распаўсюджваюцца ўсе тыя ж санкцыі, што і на РФ.

Беларусь “трапляе пад ваенныя атакі з боку Украіны”, украінскія войскі “з падраздзяленнямі беларускіх добраахвотнікаў у авангардзе” заходзяць на яе тэрыторыю, яны хутка прасоўваюцца ўглыб краіны. Фактычны адбываецца “захоп улады баявым шляхам” — Лукашэнка арыштаваны, “кіроўны верх” сілай адхілены ад улады. Настае “рэжым часовага ўрада з вайскоўцамі на чале пад міжнародным кантролем”.

“Мірная дамова па заканчэнні вайны, якая скончылася перамогай Украіны, уключае рэпарацыі ад Беларусі, новую сістэму рэгіянальнай бяспекі і прадугледжвае правядзенне выбараў органаў улады і канстытуцыйную рэформу ў Беларусі пад кантролем міжнародных арганізацый, гарантаў новай рэгіянальнай бяспекі”, — адзначана ў гэтай мадэлі.

Падзяліцца: