Мінск 02:23

ЕАБР: З кастрычніка гадавая інфляцыя ў Беларусі паскорыцца

16 кастрычніка, Позірк. Гадавая інфляцыя ў Беларусі ў верасні 2023 года абнавіла гістарычны мінімум — 2% (у жніўні — 2,3%, ліпені — 2,7%), гаворыцца ў штотыднёвым макраэканамічным аглядзе Еўразійскага банка развіцця (ЕАБР).

Асноўным драйверам зніжэння гадавога паказчыка “стала запаволенне росту цэн на харчовыя тавары (2,4% ў верасні супраць 3,4% ў жніўні)”.

Па нехарчовых таварах чацвёрты месяц запар фіксуецца дэфляцыя (-2,3% у верасні пасля -2,6% у жніўні).

“З кастрычніка гадавая інфляцыя паскорыцца ў сілу выхаду з разліку нізкіх паказчыкаў кастрычніка 2022-га”, — прагназуюць спецыялісты банка.

Паводле даных Белстата, спажывецкія цэны ў верасні 2023 года выраслі на 0,7%. Харчовыя і нехарчовыя тавары падаражэлі на 0,7%. Кошт платных паслуг павялічыўся на 0,6%.

За студзень — верасень спажывецкія цэны выраслі на 3,6%: харчовыя тавары сталі даражэй на 2,9%, нехарчовыя — на 2%, платныя паслугі — на 7,1%.

За апошнія 12 месяцаў (верасень да верасня) цэны выраслі на 2% (жнівень да жніўня — на 2,3%, ліпень да ліпеня — на 2,7%; чэрвень да чэрвеня — на 2,9%). Харчовыя тавары падаражэлі на 2,4% (+3,4%; +3,9; +3,6%), нехарчовыя тавары патаннелі на 2,3% (-2,6%; -0,2%; -0,2%), кошт паслуг вырас на 7,6% (+7,2%; +7,1; +6,9%).

Найважнейшыя параметры прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2023 год прадугледжваюць інфляцыю на ўзроўні 7–8%. Урад разлічвае ўтрымаць рост цэн і тарыфаў у межах 6%.

Сёлета 10 сакавіка Аляксандр Лукашэнка загадаў ураду любымі спосабамі — “манетарнымі, рэгулятарнымі, адміністрацыйнымі” — “трымаць калідор” інфляцыі па выніках года “ў раёне 7%”.

Падзяліцца: