Мінск 22:38

Пераарыентацыя на РФ не дазволіла і не дазволіць беларускай эканоміцы хутка расці — дарадца Ціханоўскай

Апублікавана на адкрытай версіі “Позірку” 2 студзеня 2024 г.

Алесь Аляхновіч
Фота: rada.vision

31 снежня, Позірк. Негледзячы на тое, што Белстат паказвае рост эканомікі — 3,8% за 11 месяцаў 2023 года ў параўнанні да аналагічнага мінулагодняга перыяду, усё адно гэты вынік нельга лічыць адметным. Такую думку у каментары “Позірку” выказаў дарадца Святланы Ціханоўскай па эканамічных пытаннях Алесь Аляхновіч.

Ён нагадаў, што летась беларуская эканоміка “прасела амаль на 5%” (-4,7% паводле інфармацыі Нацыянальнага статыстычнага камітэта. — “Позірк”.).

“Зараз эканоміка вырасла на няпоўныя 4%, то бок мы яшчэ не аднавілі тую страту, якую мелі ў 2022 годзе, у тым ліку праз страту украінскага рынку, ад дадатковых эканамічных санкцый за ўдзел у вайне. А прагноз МВФ на наступныя пяць гадоў паказвае, што беларуская эканоміка будзе мець чацвёрты самы дрэнны паказчык эканамічнага росту ў свеце”, — адзначыў Аляхновіч.

Паводле слоў дарадцы дэмакратычнага лідара, нельга казаць, што гэты год быў карысным для эканомікі: хоць яна амаль уся пераарыентавалася на расійскі рынак, у тым ліку ваенна-прамысловы комплекс, гэта не дазволіла і не дазволіць ёй у будучым хутка расці.

“Беларуская эканоміка з 2012 года расце павольней за сваіх суседзяў, перад усім заходніх: Польшчу, Літву, Латвію. З таго часу яна вырасла ўсяго на 5%, у той час як суседзі — прыкладна на 40-45%. Гэты год я ацэньваю даволі скептычна: мы страчваем свой суверэнітэт, ідзе пераарыентацыя на расійскую эканоміку, але эканамічных вынікаў няма. І пры гэтым рэжыме сітуацыя не палепшыцца”, — заявіў эксперт.

Аляхновіч звярнуў увагу на тое, што “прапаганда выхваляецца выхадам Беларусі на новыя рынкі, паведамляе аб сустрэчах Лукашенкі з лідарамі розных краін”. Аднак, лічыць суразмоўца, новыя эканамічныя партнёры не дапамогуць. У снежні Лукашэнка наведаў Экватарыяльную Гвінею, але, падкрэсліў Аляхновіч, “гэтая краіна мае самы дрэнны эканамічны прагноз сярод 200 краін на бліжэйшыя пяць год, а яе ВУП у сем разоў меншы за ВУП Беларусі”.

“Лукашэнка мае зносіны с Венесуэлай, некаторымі афрыканскімі і азіяцкімі краінамі. Па сутнасці, гэта краіны-ізгоі. У тым ліку Расія. Лукашэнка ў выніку абранай ім палітыкі рэпрэсій, стварэння міграцыйнага крызісу, пасадкай самалёта Ryanair, саўдзелу у вайне Расіі ва Украіне завёў сябе ў тупік. У гэтым тупіку ён можа супрацоўнічаць выключна з такімі краінамі, як РФ, Паўночная Карэя, Экватарыяльная Гвінея. А гэтыя краіны не развіваюцца”, — адзначыў эксперт.

Адным з прыкладаў таго, як эканомікі суседзяў могуць уплываць на краіну, Аляхновіч лічыць Польшчу, якая “гандлюе з ЕС, прывязаная да яго вельмі моцна, і гэта азначае, што ў краіны ёсць прывязка да перадавых эканомік свету, больш тэхналагічных, больш развітых, больш заможных і дэмакратычных”.

“Гэта дае стымулы для росту. Беларусь жа цяпер прывязана да расійскай эканомікі: 65% экспарту тавараў трапляе непасрэдна ў РФ, яшчэ прыкладна 20-30% — праз расійскія парты, чыгунку і яе фінансавую сістэму ў Кітай, Індыю, некаторыя іншыя трэція краіны. Такім чынам, Беларусь цалкам залежная ад краіны, якая таксама з 2013 года не паказвае эканамічнага росту, стагнуе”, — падкрэсліў эканаміст.

Паводле яго слоў, Расія зараз не можа набываць шмат якія тавары, пастаўляць у стане толькі сыравіну. “У выніку гэта будзе адбівацца на ўзроўні жыцця беларусаў, мы будзем знаходзіцца ў стагнацыі, пакуль нашыя заходнія суседзі будуць развівацца. Нашая моладзь будзе з’язжаць з краіны. Гэта ўсё вельмі дрэнна для будучага Беларусі”, — канстатаваў эканаміст.

Падзяліцца: