Мінск 21:40

Ціханоўская: Не буду казаць, што ў новым годзе ўсё будзе добра

Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

1 студзеня, Позірк. “У мяне няма адказаў на ўсе пытанні. Я ня ведаю, што нас чакае ў новым годзе. І я не буду казаць вам, што ўсё будзе добра”, — заявіла Святлана Ціханоўская ў навагоднім звароце.

Відэаролік быў запісаны ў фармаце размовы дэмакратычнага лідара на беларускай і рускай мовах у павільёне са сваёй здымачнай групай, якая абмяркоўвала апошнія падзеі ў краіне.

“Многія рэчы нам даводзіцца рабіць насуперак. Але ў новым годзе я хацела б, каб у нас з вамі было менш “насуперак”, а больш “дзякуючы”, — сказала Ціханоўская.

“Дзякуючы салідарнасці мы зможам вызваліць палітвязняў. Дзякуючы нашаму адзінству мы набудзем новых саюзнікаў у свеце… І галоўнае, дзякуючы сіле нашага народа крок за крокам разам ісці да свабоднай і незалежнай Беларусі”, — адзначыла палітык.

Яна заклікала “цяпер, калі мы выпраўляем гэты няпросты год”, узяць “маленькую паўзу”, выдыхнуць і падумаць “пра чалавека, на якога за ўсім, што адбываецца, лягчэй за ўсё забыцца, — пра сябе”. “Скажыце сабе дзякуй. За тое, што выстаялі, не счарсцвелі”, — прапанавала дэмлідар.

Яна прызналася, што “вельмі стамілася”. “Я такі ж чалавек, як і вы. Мне таксама хочацца, каб жыццё было спакойным і прадказальным. Часам здаецца, што свет вар’яцее. Хто мог уявіць, што нам, беларусам, выпадуць такія выпрабаванні”, — сказала Ціханоўская.

Паводле яе слоў, нават у самых складаных умовах, пасля няўдалых спроб беларусы не крычалі “ўсё прапала”, а шукалі новыя спосабы дасягнуць сваіх мэт. “Насуперак рэпрэсіям запускаем ініцыятывы і аднаўляем медыі. Насуперак русіфікацыі размаўляем па-беларуску і адзначаем нацыянальныя святы. Насуперак новым указам і падаткам прадпрымальнікі развіваюць свой бізнэс… І ўсё гэта мы робім, нягледзячы на стомленасць, злосць, расчараванне”, — адзначыла дэмлідар.

“Мы хочам вельмі зразумелых і простых рэчаў, і хочам іх заслужана, — заявіла яна. — Мы хочам вярнуць наш дом і быць у ім гаспадарамі. Жадаем пачувацца ў бяспецы. І жыць у краіне, дзе ўлада паважае людзей, а не пагарджае імі”.

На час звароту Ціханоўскай беларускія ўлады заблакавалі доступ да платформы “Ютуб”, яна была даступная толькі праз VPN.

На ютуб-канале Ціханоўскай яе навагодні зварот за першыя 45 хвілін паглядзелі каля 4 тыс. чалавек. У спіча з нагоды наступлення 2023 года 516 тыс. праглядаў.

Падзяліцца: