Мінск 08:58

Пазьняк: Эканоміка мацнейшая за палітыку, санкцыі — поўны пшык

Зянон Пазьняк Скрыншот відэа

7 студзеня, Позірк. З крытыкай санкцыйнай палітыкі Захаду ў дачыненні да афіцыйнага Мінска выступіў лідар руху “Вольная Беларусь”, былы старшыня Беларускага народнага фронту (БНФ) Зянон Пазьняк.

“Досвед паказаў: [санкцыі] — поўны пшык. Я адразу гаварыў: нічога з гэтага не будзе. Ні Расею вы не пакладзеце, ні рэжым. Вы загоніце Лукашэнку пад Расею”, — заявіў палітык у інтэрв’ю ютуб-каналу “Беларускі крок”.

Санкцыі ён назваў адной з прычын “генацыду Беларусі, які адбываецца”.

“Санкцыі працуюць супраць народа. Блакіруюць “Беларуськалій”, выкарыстоўваюць Літву ⟨…⟩ А на рэжым санкцыі абсалютна не дзейнічаюць. Уся эканоміка працуе на Расею, на расейскую ваенку. Распрацаваны розныя мафіёзныя схемы — нават з Захадам гандлююць праз трэціх асоб. Гэта сакрэт полішынэля”, — дадаў палітык.

На думку Пазьняка, “эканоміка мацнейшая за палітыку, і нічога гэтыя санкцыі не зробяць”.

Ён спаслаўся на неэфектыўнасць санкцый для падзення дыктатур на гістарычных прыкладах Кубы і Паўночнай Карэі.

Заходнія санкцыі (Еўрасаюза, ЗША, іншых дзяржаў) ўведзеныя праз фальсіфікацыю прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 года і ўзмоцненыя пасля інцыдэнту 23 траўня 2021 года, калі ўлады прымусілі прызямліцца ў Мінску самалёт авіякампаніі Ryanair з беларускімі апазіцыянерамі на борце, які ляцеў з Афін у Вільнюс. Пазней санкцыі былі пашыраныя праз саўдзел у расійскай агрэсіі супраць Украіны.

У прыватнасці, ЕС увёў восемь санкцыйных пакетаў супраць афіцыйнага Мінска. Таксама грамадзяне Беларусі і аршанізацыі ўзгадваюцца ў санцкыйных дакументах супраць РФ.

Прадстаўнікі буйнейшых дэмакратычных сіл (Аб’яднаны пераходны кабінет, Офіс дэмлідара Святланы Ціханоўскай, Народнае антыкрызіснае ўпраўленне) падтрымліваюць санкцыі і неаднаразова заклікалі міжнародную супольнасць і заходніх саюзнікаў узмацніць праз іх ціск на рэжым Аляксандра Лукашэнкі.

Гл. таксама:

У ЕС увядуць крымінальную адказнасць за парушэнне санкцый — Латушка

У 12-ы санкцыйны пакет ЕС уключана 12 беларускіх грамадзян

Падзяліцца: