Мінск 18:03

Назіральнікі БДІПЧ АБСЕ не будуць запрошаны на парламенцкія выбары ў Беларусі

Фота: "Позірк"

8 студзеня, Позірк. Прадстаўнікі Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (БДІПЧ АБСЕ) не будуць запрошаны назіраць за выбарамі, якія адбудуцца ў Беларусі 25 лютага. Аб гэтым паведаміў на брыфінгу 8 студзеня пастаянны прадстаўнік Беларусі пры АБСЕ Андрэй Дапкюнас. Паводле яго слоў, беларускі бок праінфармаваў пра гэта БДІПЧ АБСЕ і “давеў свае аргументы і матывацыю”.

Міністэрства замежных спраў у сваім тэлеграм-канале “Голас МЗС” заявіла, што прычынамі адмовы запрашаць назіральнікаў АБСЕ на выбары 25 лютага сталі “геаграфічныя і функцыянальныя перакосы” ў сістэме дадзенай арганізацыі, “дэградацыя атмасферы міждзяржаўнага ўзаемадзеяння” на яе прасторы і “пагаршэнне па віне Захаду лагістычных магчымасцей выезду і ўезду з Беларусі”. МЗС заявіла аб гатоўнасці “перагледзець свае падыходы ў выпадку адмовы Захаду ад незаконнай санкцыйнай палітыкі і спроб умяшання ва ўнутраныя справы нашай краіны”.

26 лістапада 2023 года старшыня Цэнтрвыбаркама Ігар Карпенка, гаворачы аб верагоднасці прысутнасці місіі назіральнікаў АБСЕ, адзначыў: “Мы нібыта не супраць гэтай арганізацыі, знаходзімся ў ёй, узаемадзейнічаем”, аднак пры гэтым неаднаразова ўзнімалася пытанне, што “трэба выпрацаваць нейкія адзіныя стандарты, якія б прымяняліся ўсюды аднолькава”.

“Так атрымліваецца, што суверэнітэт некаторых абавязкова трэба забяспечваць, а ў некаторых дзяржаў можна таптаць гэты суверэнітэт, нахабна ўмешваючыся ва ўнутраныя справы. Гэта недапушчальна. Мы павінны разумець, што выбары мы праводзім у першую чаргу для сябе, і задача ЦВК — стварыць умовы дзеля таго, каб выбаршчык, народ, які з’яўляецца крыніцай улады <…>, мог свабодна прыйсці на выбарчыя ўчасткі і зрабіць свядомы выбар на карысць таго ці іншага дэпутата”, — заявіў Карпенка.

6 студзеня стала вядома, што ў назіранні за парламенцкімі выбарамі ў Беларусі возьме ўдзел місія міжнародных назіральнікаў ад Парламенцкай асамблеі Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы.

28 снежня 2023 года ў эфіры тэлеканала СТБ Ігар Карпенка паведаміў аб накіраванні адпаведных запрашэнняў калегам з выбаркамаў краін СНД.

25 лютага ў Беларусі ўпершыню пройдуць аб’яднаныя выбары ў Палату прадстаўнікоў і мясцовыя саветы.

Падчас выбараў будзе забаронена фатаграфаваць і выкладваць у інтэрнэт запоўнены бланк бюлетэня — як падчас датэрміновага галасавання, так і ў дзень выбараў. За парушэнне гэтага патрабавання пагражае адміністрацыйная адказнасць. На прэзідэнцкіх выбарах 2020 года выбаршчыкі масава фатаграфавалі бюлетэні і адпраўлялі здымкі на платформу “Голас”. Сабраная інфармацыя стала адным з доказаў фальсіфікацыі афіцыйных вынікаў волевыяўлення грамадзян (нібыта 80% галасоў за Аляксандра Лукашэнку).

З 1996 года незалежныя назіральнікі не прызналі ніводную выбарчую кампанію ў Беларусі транспарэнтнай і адпаведнай стандартам АБСЕ.

Падзяліцца: