Мінск 03:50

Лукашэнка прапанаваў перагледзець тэмы супрацоўніцтва з Венесуэлай, вызначаныя ў часы Чавеса

17 кастрычніка, Позірк. У сілу “пэўных прычын, перш за ўсё знешніх”, узаемадзеянне паміж Беларуссю і Венесуэлай “устала на паўзу”, заявіў Аляксандр Лукашэнка 17 кастрычніка ў Мінску на сустрэчы з міністрам замежных спраў гэтай лацінаамерыканскай краіны Іванам Хілем Пінтам.

“Адчуваю, што нам трэба падвергнуць рэвізіі ўсе тыя напрамкі і пытанні супрацоўніцтва, якія мы вызначалі яшчэ з часоў [папярэдняга венесуэльскага кіраўніка, цяпер нябожчыка] Уга Чавеса, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба. — Трэба адназначна вызначыцца, што мы павінны і можам зрабіць для Венесуэлы, а што Венесуэла павінна зрабіць у дачыненні да Беларусі. Выпрацаваць адпаведны план, дарожную карту нашых дзеянняў на бліжэйшую і сярэднетэрміновую, а можа, і доўгатэрміновую перспектывы”.

“Калі ў гэтую схему супрацоўніцтва давядзецца ўключыць іншыя дзяржавы, дапусцім, Кубу, мы згодныя. Словам, калі вы згодны, то да новага года мы гатовыя будзем, міністр замежных спраў будзе гатовы рэалізаваць гэтыя дамоўленасці”, — дадаў ён.

У сваю чаргу Іван Хіль Пінта перадаў Лукашэнку “вялікае прывітанне” ад цяперашняга кіраўніка Венесуэлы Нікаласа Мадуры. Кіраўнік венесуэльскай дыпламатыі назваў стасункі з Мінскам “дастаткова трывалымі” і паведаміў, што напярэдадні яны разам з беларускім калегам Сяргеем Алейнікам “акрэслілі планы на бліжэйшую перспектыву”.

Найбольш вядомая старонка адносін паміж краінамі — спроба Беларусі наладкаваць пастаўкі венесуэльскай нафты на пачатку 2010-х гадоў.

Пасля скарачэння паставак расійскай нафты ў 2010 годзе Мінск пачаў шукаць альтэрнатыўных пастаўшчыкоў сыравіны для беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў.

Чавес тады абяцаў Лукашэнку паставіць 4 млн тон нафты ў 2010 годзе і 10 млн т — у 2011-м.

Венесуэльская нафта для Мазырскага НПЗ (Гомельская вобласць) пастаўлялася танкерамі праз порт Адэсы, а далей па ўкраінскай нафтаправоднай сістэме. Для НПЗ у Наваполацку (Віцебская вобласць) сыравіна дастаўлялася танкерамі ў эстонскі порт Мууга, далей накіроўвалася па чыгунцы.

1 ліпеня 2012 года Беларусь спыніла імпарт нафты з Венесуэлы. Уладзімір Сямашка, які на той момант займаў пасаду першага намесніка прэм’ер-міністра, заявіў журналістам, што Мінску “танней нафту купляць у Расіі”. Характарызуючы праект у цэлым, чыноўнік заявіў, што “гэта была сяброўская дапамога, у пэўны момант пастаўкі былі выгадныя”.

Увесну 2023 года Беларускі расследвальніцкі цэнтр, венесуэльскае выданне Armando.Info і Цэнтр па расследаванні карупцыі і арганізаванай злачыннасці (OCCRP) выпусцілі матэрыял, у якім сцвярджалася, што Беларусь дагэтуль не аддала Венесуэле каля 1,5 млрд долараў за нафту, набытую ў 2010-х гадах.

Сёлета напрыканцы чэрвеня супрацоўніцтва і перспектывы “далейшага ўзаемадзеяння ў нафтахімічнай сферы” абмяркоўваліся на сустрэчы пасла Беларусі Андрэя Молчана з міністрам нафты Венесуэлы Педра Рафаэлем Тэлечэа.

Падзяліцца: