Мінск 17:12

У Беларусі хочуць выпускаць да 4 млн доз вакцыны ад каранавіруса ў год

Фота носіць ілюстрацыйны характар
Крыніца: unsplash.com

12 студзеня, Позірк. ААТ “БелВітуніфарм” гатова ў год выпускаць да 4 млн доз вакцыны ад каранавіруса, заявіў дзяржвыданню “СБ. Беларусь сёння” кіраўнік прадпрыемства Сяргей Бальшакоў.

Паводле яго слоў, “магутнасці і магчымасці” кампаніі дазваляюць у “поўнай меры забяспечыць патрэбнасці Беларусі ў дадзеным прэпараце”.

У грамадзянскі абарот, адзначыў ён, вакцына паступіць ужо сёлета пасля правядзення дзяржзакупак Міністэрствам аховы здароўя.

Бальшакоў распавёў, што пад выпуск медыцынскіх вакцын на прадпрыемстве выдзелены асобны паверх вытворчага корпуса. Менавіта тут супрацоўнікі “БелВітуніфарма” сумесна з навукоўцамі НДІ “Біяфарм” і іншымі спецыялістамі вядуць “інавацыйную працу па распрацоўках розных відаў вакцын”.

“У нас створана ўнікальная пляцоўка для рэалізацыі розных інавацыйных распрацовак і камерцыялізацыі ідэй вучоных не толькі нашай краіны, але і суседніх дзяржаў, — падкрэсліў гендырэктар. —Мы гатовыя да ўвасаблення як уласных праектаў, так і чужых. І з гэтай мэтай ужо вядзем пошук тэхналагічных партнёраў і дыстрыб’ютараў за межамі Беларусі”.

29 снежня 2023 года паведамлялася, што Цэнтр экспертыз і выпрабаванняў па ахове здароўя Мінздароўя зарэгістраваў айчынную інактываваную цэльнавірыённую вакцыну для медыцынскай прафілактыкі COVID-19.

У распрацоўцы прэпарата ўдзельнічалі рэспубліканскія навукова-практычныя цэнтры — эпідэміялогіі і мікрабіялогіі, а таксама трансфузіялогіі і біямедыцынскіх тэхналогій, НПЦ ЛОЦІОС, Інстытут фізіялогіі Нацыянальнай акадэміі навук, медыцынскія ўніверсітэты ў Мінску і Гомелі, прадпрыемствы “Белмедпрэпараты” і “БелВітуніфарм”.

Да сярэдзіны снежня на пляцоўцы “БелВітуніфарма”, якая спецыялізуецца на вытворчасці ветэрынарных прэпаратаў, выпушчана тры доследна-прамысловыя серыі вакцыны супраць кавіду.

3 лістапада 2021 года Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ аб рэалізацыі інвестпраекта па выпуску вакцыны супраць COVID-19 на “БелВітуніфарме” з агульным аб’ёмам фінансавання 68,1 млн рублёў. З тлумачэнняў Мініздароўя вынікала, што “Белмедпрэпараты” будуць вырабляць актыўны кампанент, а гатовую вакцыну разліваць на магутнасцях “БелВітуніфарма”.

Аб пачатку будаўніцтва завода па вытворчасці вакцын Міністэрства аховы здароўя паведаміла 7 лютага 2022 года, а 18 жніўня таго ж года было заяўлена, што на прадпрыемстве “БелВітуніфарм” завяршаюцца будаўніча-мантажныя работы. Пад выпуск вакцыны ад кавіду быў рэканструяваны адзін паверх прадпрыемства.

Пра сітуацыю з захворваннем і смяротнасцю ад COVID-19 Мініздароўя па-ранейшаму не інфармуе насельніцтва. Актуальныя дадзеныя не публікуюцца з пачатку ліпеня 2022 года.

Падзяліцца: