Мінск 00:42

Колькасць беларусаў у Грузіі за год зменшылася на 15%

Міжнародны аэрапорт Тбілісі
Фота: акаўнт у Х Міжнароднага аэрапорта Тбілісі

18 студзеня, Позірк. У 2023 годзе колькасць грамадзян Беларусі, якія знаходзяцца ў Грузіі, зменшылася на 1.999 чалавек, паведаміў 18 студзеня са спасылкай на Міністэрства ўнутраных спраў гэтай краіны журналіст Мікалай Леўшыц (99.920 падпісчыкаў у тэлеграм-канале).

Дадзеныя прыведзеныя як розніца паміж колькасцю беларусаў, якія заехалі і выехалі на працягу года.

Паводле статыстыкі, беларусы замыкаюць тройку па змяншэнні колькасці ў Грузіі. На другім месцы ўкраінцы — 3 989 чалавек, на першым расіяне — 30 986.

Усяго ў 2023 годзе колькасць замежнікаў, якія заехалі ў Грузію, склала 7.157.742, выехала 7.150.709.

Паводле звестак на 1 студзеня 2023 года ў Грузіі пражываў 13 361 грамадзянін Беларусі. Зыходзячы са звестак МУС, колькасць беларусаў у гэтай краіне за год зменшылася на 15%.

На пачатак мінулага года беларусы з’яўляліся трэцяй па колькасці замежнай групай у Грузіі пасля расіян (62.304) і ўкраінцаў (20.716).

Падзяліцца: