Мінск 05:45

Вальфовіч абвінаваціў улады суседніх краін у падрыхтоўцы байцоў для звяржэння ўлады ў Беларусі

Скрыншот: тэлеканал "Беларусь 1"

20 студзеня, Позірк. Кіраўніцтва Польшчы, краін Балтыі і Украіны “зрабіла стаўку на ўзмоцненую мілітарызацыю” і “выступае ў лідарах дэструктыўна настроенай палітыкі Злучаных Штатаў”, заявіў дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Беларусі Аляксандр Вальфовіч 20 студзеня ў праграме “Пытанне нумар адзін” на тэлеканале “Беларусь 1”.

“На тэрыторыі гэтых краін рыхтуюцца дыверсійна-выведвальныя групы, незаконныя ўзброеныя фарміраванні з беглых з тэрыторыі Расіі, Беларусі — розных крымінальнікаў усіх масцяў, бо нармальныя людзі не пойдуць у гэтыя структуры, — сцвярджае чыноўнік. — З іх рыхтуюцца людзі, гатовыя забіваць, праводзіць дыверсіі, ваяваць на тэрыторыі сумежных краін для звяржэння неканстытуцыйным шляхам улады”.

“А польскае, прыбалтыйскае кіраўніцтва заахвочвае гэта, рыхтуе і заяўляе пра гэта адкрыта: “Мы рыхтуем харугвы, баявыя ячэйкі”, каб адправіць іх у тым ліку на тэрыторыю Беларусі і правесці, як яны называюць, дэмакратычным шляхам звяржэнне ўлады”, — дадаў ён. .

Вальфовіч заявіў, што беларускія спецслужбы “адсочваюць гэтую інфармацыю”, таму ўлады “гэта ўсё ведаюць”.

“Мы валодаем інфармацыяй, дзе рыхтуюцца гэтыя так званыя харугвы, у якім складзе, хто ў іх уваходзіць, і спісы гэтых асоб у нас ёсць. Таму мы, вядома ж, робім, выпрацоўваем адпаведныя захады, каб нейтралізаваць гэтыя пагрозы ў дачыненні да нашай бяспекі, у дачыненні да нашай краіны. А механізмы нейтралізацыі гэтых пагроз акурат закладзеныя ў такіх канцэптуальных дакументах, як Канцэпцыя нацыянальнай бяспекі, новы праект Ваеннай дактрыны”, — сказаў дзяржсакратар Савета бяспекі.

Варта адзначыць, што ўлады суседніх краін ніколі не рабілі публічных заяў так, як пра гэта кажа Вальфовіч. Летась у траўні пра неабходнасць падтрымаць беларусаў у выпадку ўзброенага паўстання заявіў былы намеснік міністра абароны Польшчы Вальдэмар Скшыпчак, які да таго моманту не займаў дзяржаўных пасад ужо 10 гадоў. Яго словы выклікалі рэзкую рэакцыю ўладаў: Лукашэнка назваў адстаўнога генерала “хворым” і заявіў пра гатоўнасць сілавікоў да “мецяжу чарговага”, МЗС стала пагражаць “баевікам і экстрэмістам”, якія могуць планаваць напад на Беларусь, “жорсткімі дзеяннямі”.

У той жа час самі ўлады ў Мінску ўлетку 2023 года прытулілі на тэрыторыі Беларусі байцоў расійскай прыватнай ваеннай кампаніі “Вагнер”, якая адзначылася ўдзелам у агрэсіі супраць Украіны. На сустрэчы з прэзідэнтам РФ Уладзімірам Пуціным 23 ліпеня ў Санкт-Пецярбургу Аляксандр Лукашэнка заявіў пра жаданне вагнераўцаў “схадзіць на экскурсію” ў Варшаву і Жэшуў — цэнтр Падкарпацкага ваяводства Польшчы, праз які Украіне пастаўляецца заходняя зброя.

Падзяліцца: