Мінск 20:42

Мінфін паабяцаў выпрацаваць комплексны падыход да выканання абавязацельстваў перад трымальнікамі еўрааблігацый

Фота: pixabay.com

23 студзеня, Позірк. Падыход да выканання абавязацельстваў перад трымальнікамі еўрааблігацый будзе выпрацаваны комплексна “з улікам абагульнення практыкі збору дакументаў і пералічэння грашовых сродкаў праз НКО АТ “Нацыянальны разліковы дэпазітарый” (НРД), аналізу ўзнікаючых пытанняў, у тым ліку тэхнічнага характару”, паведаміла прэс-служба Міністэрства фінансаў.

Ведамства адзначыла, што неабходнасць укаранення механізмаў выканання абавязацельстваў па еўрааблігацыях, адрозных ад працэдур, замацаваных у эмісійнай дакументацыі, “абумоўлена аднабаковай адмовай заходніх інфраструктурных арганізацый ад выканання сваіх функцый”.

“Санкцыйны ціск, пад уплывам якога апынуліся расійская і беларуская інфраструктура, пагаршаецца тым, што захоўванне еўрааблігацый Рэспублікі Беларусь ажыццяўляецца за межамі беларускай дэпазітарнай сістэмы”, — гаворыцца ў паведамленні.

Міністэрства фінансаў заявіла таксама аб працягу ў студзені працы па давядзенню выплат трымальнікам еўрааблігацый, якія ўлічваюцца ў расійскай дэпазітарнай сістэме. Разлікі ажыццяўляюцца ў рамках дагавора, заключанага з НКО АТ НРД, на карысць трымальнікаў, якія прайшлі там неабходныя працэдуры верыфікацыі.

Міністэрства фінансаў 3 студзеня паведаміла аб выплаце працэнтнага даходу па еўрааблігацыях Belarus-2027 — у чарговы раз у беларускіх рублях.

Паводле звестак прэс-службы ведамства, плацёж у памеры 22,9 млн долараў у эквіваленце праведзены 29 снежня 2023 года. “Сродкі ў поўным аб’ёме” залічаны на асобны банкаўскі рахунак, адкрыты ў “Беларусбанку” ў нацыянальнай валюце.

28 чэрвеня 2022 года Савет міністраў і Нацыянальны банк прынялі сумесную пастанову, згодна з якой “выкананне даўгавых абавязацельстваў па дзяржаўных каштоўных паперах, размешчаных на знешніх фінансавых рынках, будзе ажыццяўляцца ў беларускіх рублях па курсе рэгулятара на дату плацяжу”.

З тых часоў Беларусь пералічвае плацяжы па даўгах у рублях на спецрахунак у “Беларусбанку”. Аплатнаму агенту ўлады прапанавалі самастойна забіраць сродкі з гэтага рахунку і разлічвацца з інвестарамі. Кампаніі Citigroup і Citibank адмовіліся выступаць агентамі ў дачыненні да беларускіх еўрабондаў.

Неўзабаве пасля гэтага міжнародныя рэйтынгавыя агенцтвы Fitch Ratings і Moody’s панізілі крэдытны рэйтынг Беларусі: першае заявіла, што дэфолт у краіне непазбежны, другое назвала сітуацыю дэфолтам.

Мінфін Беларусі раскрытыкаваў гэтыя рашэнні, але выплаты па валютных абавязацельствах у рублях працягнуліся.

Гл. таксама:

Расійскія інвестары накіравалі Мінфіну Беларусі апавяшчэнне аб дэфолце

Падзяліцца: