be
Arrow
Мінск 07:52

Дэпартамент дзяржбяспекі Літвы: “Літвінізм” не ўяўляе рэальнай пагрозы суверэнітэту краіны

24 жніўня, Позірк. “Дзейнасць прыхільнікаў ідэалогіі “літвінізму” цяпер не ўяўляе рэальнай пагрозы суверэнітэту, канстытуцыйнаму ладу і тэрытарыяльнай цэласнасці Літоўскай Рэспублікі”, аднак “ідэалагічныя ўстаноўкі, што імі распаўсюджваюцца, могуць узмацніць міжэтнічную напружанасць у дзяржаве і выклікаць негатыўнае стаўленне да беларускай дзяржавы”. Такую заяву зрабіў Дэпартамент дзяржаўнай бяспекі (ДДБ) Літвы, паведамляе інфармагенцтва BNS.

Дэпартамент зазначае, што “літвіністы” негатыўна ставяцца да правячых рэжымаў у Маскве і Мінску і рашуча адхіляюць іх афіцыйны гістарычны наратыў аб тым, што рускія і беларусы — “адзін народ”.

“Такая пазіцыя прывяла да рэпрэсій з боку мінскага рэжыму і прымусіла найбольш актыўных прыхільнікаў гэтай ідэалогіі ўцячы ў краіны Еўрапейскага саюза, у тым ліку ў Літву, дзе яны складаюць частку актыўнай апазіцыі”, — заявіла літоўская спецслужба.

ДДБ таксама паведамляе, што “ідэалагічнае супрацьстаянне паміж літоўцамі і беларусамі, якія знаходзяцца пад уплывам ідэалогіі “літвінізму”, працягваецца ўжо больш за два дзесяцігоддзі ў нішавых інтэрнэт-рэсурсах, прысвечаных гісторыі”.

“Няма сведчанняў значнага павелічэння распаўсюджвання “літвінскай ідэалогіі” ў сацыяльных сетках у апошнія месяцы, аднак асобныя інцыдэнты або выказванні ў сацыяльных сетках прыхільнікаў гэтай ідэалогіі выклікалі рэзананс у інфармацыйнай прасторы Літвы і паслужылі падставай для абмеркавання рызык, звязаных з такой дзейнасцю”, — гаворыцца ў заяве ведамства.

Адзначаецца, што “некаторыя палітыкі і грамадскія дзеячы Літвы папярэджвалі аб пагрозах, якія зыходзяць ад ідэалогіі “літвінізму” ў апошнія некалькі гадоў, у сувязі з ростам іміграцыі з Беларусі”.

19 жніўня дэпутат літоўскага сейма Лаўрынас Кашчунас заявіў, што беларускія дэмакратычныя сілы павінны занепакоіцца ў сувязі з праявамі “літвінізму” з боку іх суайчыннікаў. Верагодна, ён меў на ўвазе пачасціўшыяся публікацыі ў сацсетках, у асноўным ананімных карыстальнікаў, у якіх спадчына ВКЛ называецца выключна беларускай і заяўляецца гістарычнае права Беларусі на частку тэрыторыі цяперашняй Літвы.

23 жніўня беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская па выніках сустрэчы са спікерам парламента Літвы Вікторыяй Чмілітэ-Нільсэн заявіла, што праблема “літвінізму” створана штучна, пераважная большасць беларусаў “наогул не чула пра гэта”.

На думку Ціханоўскай, спрэчкі на гэтай глебе выгадныя толькі расійскаму і беларускаму рэжымам. На пытанне, што б яна сказала “беларусам, якія вераць у ідэю “літвінізму”, Ціханоўская рэкамендавала ім “звярнуцца да гісторыкаў”, а не ўступаць у палітычныя дэбаты.

Гл. таксама па тэме:

Прадстаўніца АПК: Узмацненне дыскрымінацыйных і ксенафобскіх меркаванняў у Літве дэматывуе дэмакратычна настроеных беларусаў

Рада БНР: Канфлікты паміж беларусамі і літоўцамі на глебе інтэрпрэтацыі ВКЛ выгадныя пуцінскай Расіі і рэжыму Лукашэнкі

Падзяліцца: