Мінск 09:57

Медыяхолдынг Саюзнай дзяржавы аб’яднае чатыры СМІ (дапоўнена)

Скрыншот: ютуб-канал блогера Іллі Варламава

29 студзеня, Позірк. У медыяходынг Саюзнай дзяржавы ўвойдуць чатыры СМІ — дзве штотыднёвыя газеты, штотыднёвы часопіс і тэлеканал, “яны забяспечаць адзіную скаардынаваную інфармацыйную палітыку”, паведаміў міністр 29 студзеня лічбавага развіцця, сувязі і масавых камунікацый РФ Максут Шадаеў.

“Выносіцца сёння пытанне аб стварэнні медыяхолдынга з нуля. Але ў яго будуць уключаныя ўсе чатыры дзейныя медыі”, — цытуе чыноўніка ТАСС.

Якія СМІ плануецца ўключыць у медыяхолдынг, колькі з іх будуць мець беларускую рэгістрацыю, Шадаеў не ўдакладніў.

Ён адзначыў, што на ўзроўні ўрадаў дзвюх краін “абмяркоўвалася пытанне ўзаемнага прызнання электроннага подпісу”, каб кампаніі з Беларусі “маглі ўдзельнічаць у таргах, заключаць кантракты для выканання работ, паставак прадукцыі ў інтарэсах дзяржкампаній, дзяржорганаў”.

“З нашага боку мы падрыхтавалі ўзгадненне на праект пагаднення міжурадавага і ў пятніцу мінулую на пасяджэнні ўрада яго падпісалі. Гэта спросціць жыццё беларускім кампаніям”, — сказаў міністр.

З ідэяй стварэння медыяхолдынга Саюзнай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка выступіў на пасяджэнні ВДС 4 лістапада 2021 года ў Маскве. Тады меркавалася, што структура з’явіцца да канца 2022 году.

9 студзеня 2023 года на сустрэчы з дзяржсакратаром СД Дзмітрыем Мезенцавым ён назваў новыя тэрміны: “Медыяхолдынг сёлета, пажадана ў першай палове года, павінен запрацаваць”.

30 сакавіка дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Генадзь Давыдзька на пасяджэнні камісіі Парламенцкага сходу Беларусі і РФ па інфармацыйнай палітыцы, інфармацыйных тэхналогіях і сувязі, якую ён узначальвае, выказаў незадаволенасць “нейкай празмернай засакрэчанасцю і кулуарнасцю” распрацоўкі канцэпцыі медыя.

На пасяджэнні ВДС 6 красавіка Лукашэнка ў чарговы раз заявіў аб неабходнасці стварэння “сур’ёзнага саюзнага медыяхолдынга”. “Мы не маем права прайграць бітву за розумы і сэрцы нашых грамадзян… Ідэалагічнае супрацьстаянне па лініі Захад — Усход не аслабее нават пасля таго, як замоўчаць гарматы. Гэта надоўга”, — сказаў ён.

У ліпені мінулага года Міністэрства лічбавага развіцця, сувязі і масавых камунікацый РФ паведаміла, што медыяхолдынг Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі з’явіцца “не раней за 2024 год”.

31 кастрычніка 2023 года ў інтэрв’ю тэлеканалу “Беларусь 1” Мезенцаў паведаміў, што стварэнню медыяхолдынгу перашкаджаюць “канцэптуальныя разыходжанні” паміж расійскім і беларускім бакамі. Рознагалоссі, паводле яго слоў, тычыліся бачання “сеткі вяшчання, масіва інфармацыі”.

Падзяліцца: