Мінск 18:43

Раманчук: Расійскія трымальнікі беларускіх аблігацый “не разумеюць, у якой абсурднай сітуацыі знаходзяцца”

18 кастрычніка, Позірк. Плануючы падаць іск на Міністэрства фінансаў Беларусі ў Лонданскі суд, расійскія трымальнікі беларускіх дзяржаблігацый “не разумеюць, у якой абсурднай сітуацыі яны знаходзяцца”, заявіў у каментары “Позірку” кіраўнік Цэнтра Мізеса Яраслаў Раманчук.

“Абсалютна ніякай пэрспэктывы ў гэтым няма. Акрамя дадатковых фінансавых выдаткаў іх нічога не чакае, нават калі суд і прыме рашэнне на іх карысць, — лічыць Раманчук. — Тут я бачу крывадушнасць: як толькі ёсць магчымасць зарабіць “лёгкія” грошы — яны ідуць на супрацоўніцтва з аўтарытарнай Беларуссю, а як толькі ўзнікаюць цяжкасці — звяртаюцца не ў беларускі суд, а кажуць пра Лондан”.

На яго думку, Аляксандр Лукашэнка заўсёды “вельмі акуратна абыходзіўся з грашыма тых расійскіх груп”, якія могуць яго “сур’ёзна пакараць”. “Але ў дадзеным выпадку — гэта не той варыянт, — адзначыў эксперт. — Сёння Лукашэнка з’яўляецца партнёрам агрэсара і паспяхова карыстаецца гэтым, разумеючы, што ні ў якім расійскім (не кажучы ўжо пра беларускі) судзе адмоўнае рашэнне прынятае не будзе”.

Эксперт лічыць, што Лукашэнка “даўно зразумеў будову расійскай сістэмы кіраўніцтва”, таму “дастаткова ўдала з адных дабіваецца грошай, а ў адносінах да іншых, мякка кажучы, не зусім сумленна выконвае абяцанні”.

Усе замежныя інвестары, лічыць ён, павінны ведаць адно: “Ці ты не працуеш з аўтарытарным рэжымам і спіш спакойна, ці працуеш, але тады нясеш на сабе ўсе рызыкі, якія звязаны з абсалютнай самаўпраўнасцю і беззаконнем. Бо працаваць з сённяшняй Беларуссю і разлічваць на вяршэнства права і незалежнае правасуддзе ў выпадку якога-небудзь канфлікту — абсурдна”.

Эксперт сумняваецца, што кагосьці ў Мінску “моцна хвалююць трывогі і праблемы расійскіх трымальнікаў дзяржаблігацый”: “Для Беларусі, якая атрымлівае падтрымку з Расіі каля 10-15% ВУП, казаць пра нейкія дзясяткі, і нават сотні мільёнаў долараў, якія яна атрымлівае ад размяшчэння дзяржаблігацый, — смешна”.

Расійскія прыватныя інвестары, паведамляе РБК, звярнуліся да манетарных уладаў РФ з просьбай абмежаваць доступ Беларусі да міждзяржаўных крэдытаў і расійскага рынку капіталу з-за нявыплат па раней выпушчаных еўрааблігацыях.

Аўтарам зваротаў ад імя інвестараў выступіў Аляксандр Марчанкаў (патрабаваў спагнаць з Мінфіна Беларусі запазычанасць па еўрабондах у памеры 310 тыс. долараў — іск тычыўся двух выпускаў еўрааблігацый; 6 верасня Масгарсуд спыніў разгляд іску з-за непадсуднасці справы расійскім судам). У лісце ён пазначаны як прадстаўнік ініцыятыўнай групы інвестараў (200 фізічных асоб і 30 арганізацый).

Заяўнікі просяць прызнаць беларускі Мінфін “нядобрасумленным пазычальнікам” і “абмежаваць для яго доступ на рынак капіталу Расіі”.

Падманутыя інвестары паведамілі агенцтву, што маюць намер звярнуцца з іскам наконт нявыплат па беларускіх дзяржпаперах у Лонданскі міжнародны арбітраж.

28 чэрвеня 2022 года ўрад і Нацбанк прынялі сумесную пастанову, паводле якой “выкананне даўгавых абавязацельстваў па дзяржаўных каштоўных паперах, размешчаных на знешніх фінансавых рынках, будзе ажыццяўляцца ў беларускіх рублях па курсе Нацбанка на дату плацяжу”.

З таго часу Беларусь практыкуе пералічэнне плацяжоў па даўгах у рублях на спецрахунак у “Беларусбанку”. Плацежнаму агенту ўлады прапанавалі самастойна забіраць сродкі з гэтага рахунку і разлічвацца з інвестарамі.

Падзяліцца: