Мінск 00:57

Улады Мінска маюць намер закрыць грузінскае культурна-асветніцкае таварыства “Мамулі”

XIV Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур (верасень 2023 года)
Фота: "Мінск-Навіны"

1 лютага, Позірк. Разгляд іску Мінгарвыканкама аб ліквідацыі грамадскага аб’яднання “Грузінскае культурна-асветніцкае таварыства “Мамулі” (“Айчына”) адбудзецца 16 лютага ў Мінскім гарадскім судзе, вынікае з раскладу на партале электроннага судаводства.

Арганізацыя зарэгістраваная ў 2006 годзе, працуе ў Мінску і Мінскай вобласці. Згодна са статутам, займаецца “ўсебаковым садзейнічаннем глыбокаму вывучэнню” членамі аб’яднання “грузінскай айчыннай, беларускай і сусветнай культуры”. “Мамулі” даследуе і прапагандуе “прагрэсіўнае грузінскае літаратурнае, музычнае, харэаграфічнае і выяўленчае мастацтва”, вывучае “традыцыі, мову і культурныя багацці грузінскага народа”.

Сайт mamuli.by абнаўляецца нерэгулярна. За мінулы год апублікавана ўсяго тры навіны, у апошняй гаворыцца пра ўдзел у XIV Рэспубліканскім фестывалі нацыянальных культур у верасні. Раздзел навін амбасады Грузіі ў Беларусі не абнаўляецца з верасня 2021 года.

На сайце пазначана, што старшынёй таварыства з’яўляецца Каха Пакацашвілі. Паведамляецца, што асобныя аб’яднанні грузінаў існуюць у Гродне і Магілёве.

Раней улады Беларусі ліквідавалі арганізацыі армянскіх, літоўскіх, сірыйскіх супольнасцей ды інш.

Падзяліцца: