Мінск 23:25

Міністр абароны Літвы назваў “вельмі прыкрым” выдачу ВНЖ экс-супрацоўніку МУС Беларусі Маціевічу

Фота: BelPol

1 лютага, Позірк. Былы маёр беларускай міліцыі Аляксандр Маціевіч, які ўдзельнічаў у падаўленні пратэстаў у Беларусі, атрымаў дазвол на пражыванне і працу ў Літве, бо не спрацавала сістэма праверкі, заявіў журналістам міністр нацыянальнай абароны Літвы Арвідас Анушаўскас.

“Я не ведаю, чаму гэтая сістэма кантролю не спрацавала. У любым выпадку гэта павінна было спрацаваць, таму што ў свой час фіксавалася, хто ўдзельнічае ў пераследзе грамадзян у Беларусі, каб не выдаваць ім візы і ўключыць у санкцыйныя спісы”, — цытуе міністра партал навінаў Delfi.

Паводле яго слоў, збой механізму праверкі “выглядае вельмі прыкра”.

Анушаўскас таксама адзначыў, што працэдуры праверкі і выдачы ВНЖ у Літве часцяком выконваюцца “аўтаматычна”, і “калі нейкія звесткі не знойдзеныя, то, магчыма, такіх звестак пра яго наогул не было”. “Проста выдаецца дазвол, не ўнікаючы, таму што ў Літве цяпер працуе 100 тыс. замежных грамадзян, можа, і больш”, — сказаў кіраўнік Мінабароны.

“Але гэта не вызваляе нашы ўстановы ад абавязку прымаць усе меры для таго, каб такія персанажы, якія вызначыліся парушэннямі правоў чалавека, пераследамі і збіццём людзей, не аказваліся ў Літве”, — дадаў міністр.

Былы супрацоўнік міліцыі 33-гадовы Маціевіч, які падчас працы ў сістэме МУС удзельнічаў у рэпрэсіях, а затым пераехаў за мяжу, пасля апублікавання гэтай інфармацыі і пачатку расследавання “разам з жонкай тэрмінова пакінуў Літву”, паведаміў у ноч на 1 лютага BelPol.

Паводле звестак аб’яднання, ураджэнец Дзятлава Маціевіч працаваў у міліцыі з 2010 года, даслужыўся да маёра. “У 2020 годзе ён актыўна ўдзельнічаў у рэпрэсіях супраць мірных грамадзян і нават праходзіў “пацярпелым” па крымінальнай справе, звязанай з пратэстамі”, — паведаміла арганізацыя 26 студзеня.

Праз нейкі час, паводле яе інфармацыі, былы старшы інспектар інспекцыі па справах непаўнагадовых Лідскага РАУС разам з жонкай перабраўся ў Літву і ўладкаваўся ўстаноўшчыкам вокнаў.

BelPol перадаў звесткі аб Маціевічы у дзяржорганы Літвы, каб дамагчыся яго дэпартацыі.

Кіраўніца дэпартамента міграцыі пры МУС Літвы Эвеліна Гудзінскайтэ паведаміла LRT, што па гэтым выпадку вядзецца расследаванне.

Сам Маціевіч заявіў літоўскім журналістам, што плануе “далей ездзіць у Літву”, пакуль яго не дэпартавалі, але, калі такое рашэнне будзе прынятае, абскарджваць не плануе. Ён адмовіўся каментаваць інфармацыю пра сваё мінулае.

Паводле звестак BelPol, позна ўвечары 31 студзеня Маціевіч з жонкай вярнуліся ў Беларусь, а пры наступнай спробе прыехаць у Літву яму пагражае дэпартацыя.

Падзяліцца: