Мінск 04:36

Алейнік пра сітуацыю на Блізкім Усходзе: Любыя атакі на грамадзянскае насельніцтва непрымальныя

19 кастрычніка, Позірк. “Любыя атакі на грамадзянскае насельніцтва непрымальныя”, — заявіў міністр замежных спраў Сяргей Алейнік, прадстаўляючы 19 кастрычніка пазіцыю Беларусі па сітуацыі на Блізкім Усходзе.

“Мы ўзрушаныя ростам колькасці ахвяр і пацярпелых грамадзянскіх асоб сярод жанчын і дзяцей у выніку росту эскалацыі блізкаўсходняга канфлікту”, — сказаў ён (на падставе відэафрагмента з тэлеграм-канала, звязанага са знешнепалітычным ведамствам).

Чыноўнік згадаў пра ракетны ўдар 17 кастрычніка па бальніцы Аль-Ахлі ў сектары Газа, назваўшы яго “бесчалавечным і жахлівым у сваёй сутнасці”.

Паводле слоў Алейніка, “працяг эскалацыі, тэрору і непрапарцыйнага ўжывання сілы, у тым ліку супраць грамадзянскага насельніцтва”, можа прывесці да “незваротных наступстваў не толькі ў Блізкаўсходнім рэгіёне, але і ў свеце ў цэлым”. У Беларусі падкрэсліў ён, “паслядоўна выступаюць за выключна мірнае ўрэгуляванне гэтага канфлікту”.

Палестына-ізраільскі канфлікт абвастрыўся 7 кастрычніка, калі на тэрыторыю Ізраіля з сектара Газа ўварваліся баевікі ваеннага крыла палестынскага руху ХАМАС. Адначасова з Газы пачаўся інтэнсіўны ракетны абстрэл ізраільскай тэрыторыі (за 11 дзён было выпушчана больш за 7 тыс. ракет). Паводле апошніх даных, у выніку тэрарыстычнага нападу загінула 1,4 тыс. чалавек з 37 краін, у тым ліку двое грамадзян Беларусі; пацярпела 4,6 тыс. чалавек. Каля 200 чалавек знаходзіцца ў закладніках.

Неўзабаве пасля нападу ХАМАС абвясціў вайну Ізраілю, назваўшы яе “Патоп Аль-Аксы”. У адказ урад Ізраіля заявіў пра стан вайны (упершыню з 1973 года) і пачатак ваеннай аперацыі “Жалезныя мячы”.

Міністэрства аховы здароўя Газы паведамляе пра 3,5 тыс. забітых з пачатку вайны жыхарах сектара і звыш 12 тыс. параненых. Паводле інфармацыі ізраільскага боку, у гэтых даных не ўлічваецца ліквідацыя не менш як 1,5 тыс. тэрарыстаў на тэрыторыі яўрэйскай дзяржавы.

17 кастрычніка ў выніку выбуху ў бальніцы Аль-Ахлі (цэнтральная частка сектара Газа), паводле сцвярджэння мясцовага Мінздароўя, загінулі сотні людзей. ХАМАС абвінаваціў у авіяўдары па бальніцы Армію абароны Ізраіля. Ізраільскі бок распаўсюдзіў здымкі, якія, як сцвярджаецца, даказваюць, што ў бальніцу трапіла ракета, выпушчаная, па ўсёй верагоднасці, баевікамі палестынскай групоўкі “Ісламскі джыхад”, якая базуецца ў Газе.

Падзяліцца: