Мінск 15:04

Праваабаронца пра смяротны прыгавор Таратуту: Правасуддзе мусіць быць без забойства

19 кастрычніка, Позірк. Правасуддзе “мусіць быць без забойства, якое нічога не вырашае, гэта чарговае забойства за забойства”, такім чынам каардынатар кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання” Андрэй Палуда пракаментаваў смяротны прыгавор 48-гадоваму Аляксандру Таратуту.

Паводле слоў праваабаронцы, “справа з катаваннямі і забойствам маленькага хлопчыка яго бацькамі” выклікала “буру эмоцый у грамадстве, што з’яўляецца абсалютна зразумелай рэакцыяй”.

“Такія рэчы ў цывілізаваным свеце не мусяць адбывацца. Я не кажу, што за такія рэчы не мусіць быць пакарання. Пакаранне мусіць быць абавязкова — і мусіць быць строгім і непазбежным. Павінна быць правасуддзе”, — падкрэсліў Палуда. Разам з тым ён канстатаваў, што смяротнае пакаранне “не нясе ніякай прафілактычнай мэты, як вельмі часта можна пачуць”.

Мінскі абласны суд на выязным пасяджэнні ў Слуцку (Мінская вобласць) 19 кастрычніка вынес смяротны прыгавор Аляксандру Таратуту, які забіў свайго трохгадовага сына. Яшчэ адна фігурантка справы Анастасія Таратута, маці дзіцяці, асуджаная на максімальны тэрмін пазбаўлення волі — 25 гадоў зняволення ва ўмовах строгага рэжыму.

Яны прызнаныя вінаватымі паводле ч. 2 арт. 154 (наўмыснае прычыненне працяглага болю, пакут спосабамі, якія выклікаюць асаблівыя фізічныя і псіхічныя пакуты, сістэматычнае нанясенне пабояў (катаванне), здзейсненае ў дачыненні да заведама непаўналетняй, асобы, якая знаходзіцца ў бездапаможным стане і ў залежным становішчы) і пунктаў 2, 6, 15 ч. 2 арт. 139 (наўмыснае супрацьпраўнае пазбаўленне жыцця іншага чалавека (забойства), заведама малалетняй, асобы, якая знаходзіцца ў бездапаможным стане, здзейсненае з асаблівай жорсткасцю, групай асоб) Крымінальнага кодэкса.

Паводле даных следства, у студзені 2023 года бацькі не менш як 14 разоў ударылі дзіця. Калі хлопчык быў ужо мёртвы, яны выклікалі хуткую дапамогу. Сцвярджаецца, што мужчына і жанчына збівалі дзіця за дрэнныя паводзіны, ён быў знясілены: на момант смерці яго вага складала 7 кг.

У праваабаронцаў няма інфармацыі пра вынясенне ці выкананне ў Беларусі іншых смяротных прыгавораў у 2023 годзе. На пачатку года стала вядома, што ў ліпені 2022-га быў пакараны смерцю Віктар Скрундзік.

Падзяліцца: