Мінск 20:37

Кіраўнік МУС Літвы: закрыццё памежных пераходаў з Беларуссю дазволіць лепш выконваць санкцыі

Агне Білатайтэ
Фота: фэйсбук-акаўнт міністра

6 лютага, Позірк. Закрыццё памежных пунктаў Лаварышкес (Катлоўка на беларускім баку) і Райгардас (Прывалка) дазволіць літоўскім службам сканцэнтравацца на больш эфектыўным захаванні міжнародных санкцый, кантролі кантрабанды і праверцы асоб, якія прыбываюць. Пра гэта заявіла міністр унутраных спраў Літвы Агне Білатайтэ, паведамляе LRT са спасылкай на агенцтва BNS.

Скарачэнне колькасці дазволаў, што выдаюцца беларускім і літоўскім перавозчыкам, якія ажыццяўляюць рэгулярныя міжнародныя аўтобусныя пасажырскія перавозкі, “дапаможа паменшыць пагрозы нацыянальнай бяспецы Літвы”, што ствараюць людзі, якія вандруюць паміж Літвой і Беларуссю, мяркуе Білатайтэ.

Паводле яе слоў, закрыццё пункта Лаварышкес скароціць паток падарожнікаў на 14%, Райгардас — на 18%.

Міністр таксама паведаміла, што літоўскія ўлады сутыкаюцца з праблемамі, звязанымі з кантрабандай у Райгардасе. “Мы бачым, што колькасць канфіскацый кантрабанды расце, таму што павялічваецца яе кошт. Скажам, у 2022 годзе яна складала блізу 6 млн еўра, а паводле вынікаў 2023 года кошт перахопленай кантрабанды будзе складаць 17 млн еўра”, — адзначыла Білатайтэ.

Паводле слоў кіраўніка ведамства, у 80% выпадкаў грамадзяне Беларусі, якія перасякаюць КПП Лаварышкес, едуць у Польшчу на шопінг, што стварае вялікую бюракратычную і адміністрацыйную нагрузку на літоўскія службы.

Раней Камісія па нацыянальнай бяспецы (КНБ) Літвы прапанавала спыніць рух тавараў, транспарту і людзей праз названыя пункты пропуску. Камісія, улічваючы рызыкі, звязаныя з транзітнымі патокамі праз Літву з Беларусі і дзейнасцю беларускіх спецслужбаў супраць літоўскай дзяржавы, прапанавала таксама паступова скараціць колькасць дазволаў перавозчыкам абедзвюх краін, якія ажыццяўляюць рэгулярныя перавозкі і міжнародныя пасажырскія перавозкі аўтобусамі.

Яшчэ адна прапанова КНБ — абмежаваць пасадку і высадку пасажыраў на чыгуначным памежным пункце Кена ля мяжы з Беларуссю, спыніць рух пешаходаў і веласіпедыстаў праз мяжу паміж. Тое ж прапануецца для чыгуначнага пагранпункта Кібартай (Чарнышэўскае) на мяжы Літвы з Калінінградскай вобласцю Расіі.

18 жніўня 2023 года Літва закрыла пункты пропуску Шумскас і Твярачус (з беларускага боку — Лоша і Відзы адпаведна). Пазней літоўскае МУС прапаноўвала закрыць згаданыя ў прапанове КНБ пункты Лаварышкес (Катлоўка) і Райгардас (Прывалка).

На мяжы з Беларуссю дзейнічае таксама прапускны пункт Мядзінінкай (Каменны Лог).

Падзяліцца: