Мінск 22:58

Ціханоўская — Літве: Не трэба будаваць жалезную заслону

Святлана Ціханоўская і Агне Білатайце
Архіўнае фота: акаўнт кіраўніка МУС Літвы ў X


7 лютага, Позірк. “Мы разумеем асцярогі службаў бяспекі Літвы, але закрыццё пагранпераходаў для пасажыраў — гэта лячэнне сімптомаў, а не ўстараненне прычын праблемы”, — заявіла ў каментары літоўскаму агенцтву BNS дэмакратычны лідар Беларусі Святлана Ціханоўская (цытаты перададзены прэс-службай палітыка).

Закрыццё пагранпераходаў ударыць найперш па беларусах, якія ў большасці супраць Аляксандра Лукашэнкі і падтрымліваюць Украіну, дадала яна.

“Не трэба будаваць жалезную заслону. Бо ад ізаляцыі беларусаў выйграюць толькі Лукашэнка і Пуцін. Для многіх беларусаў мяжа з Літвой — гэта адзіная сувязь са свабодным светам. А для некаторых — гэта адзіная магчымасць выратавацца ад рэпрэсій”, — лічыць экс-кандыдат у прэзідэнты.

“Вядома, сярод тых, хто прыязджае, могуць быць і памагатыя рэжыму. Давайце іх выяўляць”, — падкрэсліла дэмлір.

Многія беларускія ініцыятывы ўжо самастойна гэта робяць, дадала яна: “Можна перагледзець сістэму праверак, і мы гатовы ў гэтым дапамагаць”.

“Ізаляваць трэба Лукашэнку і ягоны рэжым, а не беларусаў. Абмяжоўваць трэба грузаперавозкі, і, у першую чаргу, патокі падсанкцыйных тавараў, а пасажырскія зносіны неабходна захаваць”, — склала Ціханоўская.

Меркаванае закрыццё пагранічных пунктаў Лаварышкес (Катлоўка на беларускім баку) і Райгардас (Прывалка) дасць магчымасць літоўскім службам сканцэнтравацца на больш эфектыўным выкананні міжнародных санкцый, кантролі кантрабанды і праверцы асоб, якія прыбываюць. Аб гэтым заявіла 6 лютага міністр унутраных спраў Літвы Агне Білатайце.

Скарачэнне колькасці дазволаў, якія выдаюцца беларускім і літоўскім перавозчыкам, якія ажыццяўляюць рэгулярныя міжнародныя аўтобусныя пасажырскія перавозкі, “дапаможа зменшыць пагрозы нацыянальнай бяспецы Літвы”, якія ствараюць людзі, якія вандруюць паміж Літвой і Беларуссю, лічыць яна.

Раней Камісія па нацыянальнай бяспецы (КНБ) Літвы прапанавала спыніць рух тавараў, транспарту і людзей праз названыя пункты пропуску. Камісія, улічваючы рызыкі, звязаныя з транзітнымі патокамі праз Літву з Беларусі і дзейнасцю беларускіх спецслужбаў супраць літоўскай дзяржавы, прапанавала таксама паступова скараціць колькасць дазволаў перавозчыкам абедзвюх краін, якія ажыццяўляюць рэгулярныя перавозкі і міжнародныя пасажырскія перавозкі аўтобусамі.

Яшчэ адна прапанова КНБ — абмежаваць пасадку і высадку пасажыраў на чыгуначным памежным пункце Кена ля мяжы з Беларуссю, спыніць рух пешаходаў і веласіпедыстаў праз мяжу паміж. Тое ж прапануецца для чыгуначнага пагранпункта Кібартай (Чарнышэўскае) на мяжы Літвы з Калінінградскай вобласцю Расіі.

18 жніўня 2023 года Літва закрыла пункты пропуску Шумскас і Твярачус (з беларускага боку — Лоша і Відзы адпаведна). Пазней літоўскае МУС прапаноўвала закрыць згаданыя ў прапанове КНБ пункты Лаварышкес (Катлоўка) і Райгардас (Прывалка).

На мяжы з Беларуссю дзейнічае таксама прапускны пункт Мядзінінкай (Каменны Лог).

Падзяліцца: