Мінск 16:24

У Польшчы пачаўся судовы працэс над двума беларусамі, якія падазраюцца ў шпіянажы

19 кастрычніка, Позірк. Судовы працэс над двума грамадзянамі Беларусі, якіх абвінавачваюць у шпіянажы на карысць беларускай ваеннай разведкі, пачаўся 19 кастрычніка ў судзе Познані (Польшча), паведамляюць мясцовыя СМІ.

Абвінавачаныя — 56-гадовы Дзмітрый М., па прафесіі музыка, прыехаў у Польшчу працаваць кіроўцам, і 50-гадовы Андрэй Р., вайсковец у адстаўцы.

Пракурор Якуб Мычыч, зачытваючы абвінаваўчае заключэнне, заявіў, што беларусы “з 6 сакавіка па 4 красавіка 2022 года ў горадзе Познань Вялікапольскага ваяводства, дзейнічаючы сумесна і ўзгоднена, бралі ўдзел у дзейнасці службы знешняй разведкі Галоўнага разведвальнага ўпраўлення Генеральнага штаба Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь супраць Рэспублікі Польшча”.

Такім чынам, на думку абвінавачання, беларусы “ажыццяўлялі разведку ваенных і грамадзянскіх аб’ектаў, якія маюць крытычнае значэнне для абароны Рэспублікі Польшча”.

Грамадзянам Беларусі, абвінавачаным у шпіёнскай дзейнасці, пагражае турэмнае зняволенне тэрмінам да 10 гадоў. На запыт пракуратуры суд будзе праходзіць у закрытым рэжыме.

Сёлета ў чэрвені ваенны дэпартамент акруговай пракуратуры ў Познані завяршыў расследаванне ў дачыненні да беларусаў.

Паводле сцвярджэння Службы ваеннай контрразведкі Польшчы, з пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну ў 2022 годзе польскія службы “ўжо затрымалі 20 чалавек, якія падазраюцца ў супрацоўніцтве з расійскай або беларускай разведкай”.

Падзяліцца: