Мінск 05:47

Вераніка Цапкала: Мы вернемся ў кватэру, пабудаваную на законна заробленыя сродкі

Вераніка Цапкала
Архіўнае фота: "Зеркало"

13 лютага, Позірк. Новыя ўласнікі кватэры экс-прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта Валерыя Цапкалы павінны разумець, што яго сям’я вернецца ў Беларусь, напісала на сваёй старонцы ў “Фэйсбуку” яго жонка Вераніка Цапкала.

“Я звяртаюся да людзей, якія захочуць набыць нашу кватэру па заніжаным кошце з мэтай “сарваць халяву”. Вы павінны разумець тое, што мы абавязкова вернемся дадому, разам з дзецьмі ўедзем у кватэру, пабудаваную на законна заробленыя сродкі і запатрабуем ад вас выплаты арэндных плацяжоў за ўвесь перыяд карыстання нашай маёмасцю”, — падкрэсліла яна.

Паводле яе слоў, жыллё было “набыта ў сумесным шлюбе і не можа лічыцца выключна ўласнасцю <…> мужа”.

“Акрамя нас, на дадзеную кватэру таксама маюць маёмасныя правы і двое нашых непаўналетніх дзяцей, — звярнула ўвагу Цапкала. — Гэтая нерухомая маёмасць з’яўляецца адзінай маёмасцю, якой мы валодаем на праве ўласнасці і якая з’яўляецца пастаянным месцам пражывання нашых непаўналетніх дзяцей”.

“Пазбаўленне непаўналетніх дзяцей адзінага месца пражывання не толькі груба парушае іх правы, устаноўленыя Жыллёвым кодэксам, у адпаведнасці з якім немагчыма выгнаць на вуліцу маці з непаўналетнімі дзецьмі з адзінай кватэры, а таксама з’яўляецца парушэннем правоў маці і дзіцяці, якое ахоўваецца Канстытуцыяй і шматлікімі заканадаўчымі актамі” , — падкрэсліла Цапкала.

Паводле яе слоў, супрацьзаконнае рашэнне беларускага суда пазбаўляе яе магчымасці “выконваць бацькоўскія абавязкі ў поўным аб’ёме, а маіх дзяцей, грамадзян Рэспублікі Беларусь, права знаходзіцца ў гэтай кватэры, атрымліваць медыцынскую дапамогу і адукацыю”.

12 лютага паведамлялася, што на электронным аўкцыёне “БелЮрЗабеспячэнне” прадаецца трохпакаёвая кватэра экс-прэтэндэнта ў прэзідэнты на выбарах 2020 года Валерыя Цапкалы.

Кватэра, у якой зарэгістраваны адзін чалавек, знаходзіцца ў Мінску па адрасе вул. Чарнышэўскага, 5. Агульная плошча — 103,7 кв. м.

У якасці абцяжаранняў указана: арышт следчых органаў, забарона ўчынення рэгістрацыйных дзеянняў рэгіструючага органа, судовага выканаўцы. Даўжніком лічыцца Валерый Цапкала.

Цапкала завочна прыгавораны да 17 гадоў пазбаўлення волі. Рашэнне па выніках закрытага працэсу вынес 7 красавіка 2023 года суддзя Мінскага абласнога суда Сяргей Епіхаў. Пракурор запытваў на два гады больш. Яго прызналі вінаватым паводле дзевяці артыкулаў Крымінальнага кодэкса.

26 ліпеня 2023 года з трэцяга разу з аўкцыёну была прададзена мінская кватэра Сяргея і Святланы Ціханоўскіх.

Падзяліцца: