Мінск 15:01

Экс-палітвязень, блогер Пятрухін эвакуяваны з Беларусі

Сяргей Пятрухін
Фота: тэлеграм-канал Андрэя Стрыжака

13 лютага, Позірк. Былы палітвязень Сяргей Пятрухін эвакуяваны з Беларусі, паведаміў 13 лютага ў сваім тэлеграм-канале сузаснавальнік фонду салідарнасці BySol праваабаронца Андрэй Стрыжак.

“Гэтая эвакуацыя была складанай, доўгай і напружанай, але я шчаслівы паведаміць, што ўсё атрымалася!” — напісаў Стрыжак.

Аўтары ютуб-каналаў “Народны рэпарцёр” жыхары Брэста Сяргей Пятрухін і Аляксандр Кабанаў былі затрыманыя ў чэрвені 2020 года. Фармальныя прычыны затрымання былі розныя, аднак пасля іх абодвух звязалі з падзеямі 29 траўня ў Гродна, калі быў затрыманы Сяргей Ціханоўскі і прадстаўнікі яго каманды.

14 красавіка 2021 года суд Кастрычніцкага раёна Магілёва прызнаў блогераў вінаватымі паводле арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) і арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады) Крымінальнага кодэкса. Пятрухіна дадаткова прызналі вінаватым паводле арт. 391 (абраза суддзі). Іх прыгаварылі да 3 гадоў калоніі агульнага рэжыму.

Пятрухін адбываў пакаранне ў віцебскай калоніі № 3. Кабанаў першапачаткова быў у наваполацкай калоніі № 1 (Віцебская вобласць), але пазней яму зрабілі больш жорсткім рэжым. На волю ён выйшаў з магілёўскай турмы № 4.

Блогеры выйшлі на волю 17 снежня 2022 года. Неўзабаве пасля гэтага Кабанаў пакінуў Беларусь, цяпер ён працуе ў аб’яднанні былы сілавікоў BelPol.

Падзяліцца: