Мінск 11:23

КПЧ ААН патрабуе “тэрміновых мер абароны” для Ціханоўскага, Знака і Бабарыкі

Віктар Бабарыка, Сяргей Ціханоўскі, Максім Знак (злева направа)
Фота: tut.by, Офіс Святланы Ціханоўскай, "Вясна" (калаж — "Позірк")

15 лютага, Позірк. Камітэт ААН па правах чалавека (КПЧ) патрабуе ад беларускіх уладаў прыняць “тэрміновыя меры абароны” ў дачыненні да палітвязняў Сяргея Ціханоўскага, Максіма Знака і Віктара Бабарыкі, якія “ўтрымліваюцца без сувязі са знешнім светам”, паведаміла прэс-служба Офіса Святланы Ціханоўскай.

Камітэт таксама запатрабаваў “забяспечыць фізічнае і псіхічнае здароўе” Ціханоўскага, даць яму доступ да кваліфікаванай медыцынскай дапамогі, адвакатаў і сям’і, пакуль справа знаходзіцца на разглядзе КПЧ.

“Утрыманне пад вартай без сувязі са знешнім светам, якое стварае рызыку гвалтоўнага знікнення, сведчыць пра стратэгію пакарання палітычных апанентаў і ўтойвання доказаў жорсткага абыходжання і катаванняў, якім яны падвяргаліся з боку супрацоўнікаў праваахоўных органаў і турэмнай адміністрацыі”, — цытуе каманда дэмлідара экспертаў.

Офіс Ціханоўскай заклікаў міжнародных партнёраў “публічна асвятліць праблему ўтрымання пад вартай без права зносін з навакольным светам Сяргея Ціханоўскага, Максіма Знака і Віктара Бабарыкі, а таксама іншых палітвязняў”. “Мы патрабуем доступу да іх адвакатаў, забеспячэння ім кваліфікаванай медыцынскай дапамогі, а таксама патрабуем спыніць блакаванне іх перапіскі з блізкімі сваякамі”, — заявіла палітычная структура.

Апошні раз адвакат бачыў прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта, экс-банкіра Віктара Бабарыку 6 лютага 2023 года. Перапіска і тэлефонныя размовы з ім перапыненыя. Мужчына знаходзіцца ў няволі з 18 чэрвеня 2020 года, у рамках палітычна матываванай справы прыгавораны да 14 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

9 лютага таго ж года сваякі атрымалі апошні ліст ад палітвязня, адваката і юрыста штаба Бабарыкі Максіма Знака. Ён пазбаўлены права на перапіску і сустрэчы са сваім абаронцам. Асуджаны на 10 гадоў пазбаўлення волі.

Апошняя вестка ад папулярнага відэаблогера Сяргея Ціханоўскага, мужа беларускага дэмлідара, паступіла 9 сакавіка 2023 года. Сувязі з ім няма ні ў адвакатаў, ані ў сям’і. Першапачаткова мужчына быў прыгавораны да 18 гадоў зняволення, пазней яму дадалі яшчэ 1,5 года.

Падзяліцца: