Мінск 18:46

У Беларусі зніжаецца нараджальнасць, сведчаць даныя Мінюста

Фота: unsplash.com / Marcel Fagin

16 лютага, Позірк. У 2023 годзе органы запісу актаў грамадзянскага стану (ЗАГС) Беларусі зарэгістравалі больш за 65 тыс. фактаў нараджэння, сведчыць інфармацыя Міністэрства юстыцыі.

Паведамляецца, што найбольш запісаў аб нараджэнні было зроблена ў Мінску (звыш 14 тыс.) і Брэсцкай вобласці (10,8 тыс.).

Па колькасці такіх запісаў можна меркаваць аб прыблізнай колькасці народжаных, якіх крыху больш, чым зарэгістраваных. Згодна з законам, дзіця неабходна зарэгістраваць у аддзеле ЗАГС па месцы жыхарства бацькоў на працягу трох месяцаў з дня нараджэння.

Такім чынам, летась нарадзілася больш за 65 тыс. дзяцей, улічваючы той факт, што не ўсе, хто нарадзіўся, былі зарэгістраваны менавіта ў 2023-м.

У 2019 годзе ў Беларусі нарадзілася 87.602 дзіцяці. З 2020 года Белстат не публікуе даныя пра нараджальнасць і смяротнасць.

Колькасць нараджэнняў падае з 2017 года, у 2016 нарадзілася 117.779 дзяцей.

Змяншаецца агульная колькасць насельніцтва. У 2017 годзе ў краіне пражывала 9.504.704 чалавекі, на пачатак 2023-га — 9.200.617 (на 0,6% менш, чым на пачатак 2022 года, калі было 9.255.524).

Статыстыка за апошнія гады напоўніцу не адлюстроўвае масавай палітычнай эміграцыі з Беларусі. З 2020 года з краіны з’ехала не менш як 200 тыс. чалавек, рэальная лічба можа быць у некалькі разоў большая.

Падзяліцца: