Мінск 00:42

Памежная служба Украіны: Лукашэнкаўскі абсурд не спыняецца

Фота: focus.ua

16 лютага, Позірк. “Лукашэнка працягвае гуляць на баку тэрарыстычнай Расіі”, — заявіў 16 лютага “Украінскай праўдзе” спікер Дзяржаўнай памежнай службы Украіны Андрэй Дземчанка.

Такім чынам ён пракаментаваў заяву Лукашэнкі пра тое, што падчас контртэрарыстычнай аперацыі на мяжы з Украінай затрымалі дыверсантаў.

“У нас яны, вядома, могуць выклікаць усмешку, але для сваёй унутранай аўдыторыі яму трэба рабіць такія заклікі, каб хоць і беспадстаўна, але адзначаць, што з Украіны ідзе пагроза, — сказаў Дземчанка. — Іх “контртэрарыстычная аперацыя”, якую паводле сцвярджэння Лукашэнкі, ніхто не заўважыў, і гэта добра, таму што “не іх розуму справа”, як пачалася, так адразу і скончылася. З вынікам у “кучу дыверсантаў і кучу выбухоўкі”.

“Лукашэнкаўскі абсурд не спыняецца. Я дагэтуль узгадваю пра яго “тоны зброі”, якую яны “затрымлівалі з Украіны”, а яшчэ больш добра памятаю адкуль адбылося ўварванне Расіі”, адзначыў афіцэр.

Пра затрыманне раніцай 16 лютага “некалькіх дыверсантаў на ўкраінскай мяжы” заявіў Аляксандр Лукашэнка на агульным сходзе Белкаапсаюза ў Мінску.

“Чэкісцкая ваенная аперацыя завяршылася, затрыманы былі ўсе дыверсанты, сярод іх беларусы. І гэта практычна два-тры разы на тыдзень. Мы можам супакоіцца? Не можам”, — сказаў ён.

Лукашэнка сцвярджае, што “з дапамогай дронаў, па балотах некаторыя з украінскіх грамадзян перапаўзалі на нашу мяжу, перакідвалі выбухоўку для здзяйснення дыверсій на тэрыторыі Расіі і Беларусі”.

Паводле яго слоў, работнікі Белкаапсаюза нават не заўважылі контртэрарыстычную аперацыю (КТА), “і добра”.

Інфармацыя пра ўвядзенне рэжыму КТА ў Лельчыцкім раёне Гомельскай вобласці якая мяжуе ва Украінай, з’явілася 15 лютага ў тэлеграм-канале адпаведнага райвыканкама. Мясцовыя ўлады заклікалі жыхароў раёна захоўваць спакой і выконваць патрабаванні супрацоўнікаў КДБ, абласное ўпраўленне якога, як было заяўлена, і прыняло рашэнне пра КТА. Прычыны таго, што адбываецца, не называліся.

Пазней супрацоўнік райвыканкама паведаміў журналісту “Позірку”, што рэжым КТА звязаны з “вучэннямі сілавых структур”. Праца школ, садоў, службаў не спынялася.

Падзяліцца: