Мінск 14:11

Беларусы здзейснілі “дабрачынныя ахвяраванні” за пералічэнні ў фонды салідарнасці на 37 млн рублёў — СК

16 лютага, Позірк. Грамадзяне Беларусі здзейснілі ў 2023 годзе “дабрачынныя ахвяраванні” за пералічэнні ў фонды салідарнасці на 37 млн рублёў, вынікае з публікацыі сайта газеты адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі “СБ. Беларусь сегодня”.

Лічба фігуравала на паседжанні калегіі Следчага камітэта 16 лютага ў Мінску.

Сцвярджаецца, што “прыняты дадатковыя меры па максімальнай кампенсацыі прычыненай злачыннымі дзеяннямі шкоды”.

Па словах старшыні СК Дзмітрыя Гары, ведамства працуе над “зніжэннем астатку крымінальных спраў аб злачынствах экстрэмісцкай накіраванасці”.

“У мінулым годзе пракурору для накіравання ў суд перададзена больш за 1,3 тыс. такіх спраў. Актыўна прымяняецца інстытут спецыяльнай дасудовай вытворчасці, у рамках якога скончана вытворчасць па 12 крымінальных справах у дачыненні да 31 асобы. Рэалізуецца механізм вызвалення ад крымінальнай адказнасці асоб, якія здзейснілі фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці, аднак з’явіліся з пакаяннем і загладзілі прычыненую шкоду”, — сказаў Гара (цытата паводле sb.by),

Раскрывальнасць “злачынстваў экстрэмісцкай накіраванасці павысіць да 81,7%”, заявіў ён.

“Накіраваны ў суд крымінальныя справы ў дачыненні да шэрагу стваральнікаў і ўдзельнікаў экстрэмісцкіх фарміраванняў, рэгіянальных “пратэстных чатаў”, а таксама грамадзян, якія ажыццяўлялі фінансаванне тэрарыстычнай і экстрэмісцкай дзейнасці, у тым ліку праз пералічэнне сродкаў у так званыя фонды”, — удакладніў Гара (цытата паводле БелТА).

Практыку “добраахвотных ахвяраванняў” за донаты ў фонды салідарнасці ў перыяд прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і пасля сілавыя ведамствы і спецслужбы, у прыватнасці, КДБ. Людзям прапануецца пералічыць суму ў шматразовым памеры на дабрачынныя мэты пад патранажам дзяржавы ўзамен на вызваленне ад патэнцыйнай крымінальнай адказнасці. Дамоўленасці не фіксуюцца афіцыйна.

Паводле звестак праваабарончага цэнтра “Вясна” на 15 студзеня, за ахвяраванні (данаты) ініцыятывам, прызнаным уладамі “экстрэмісцкімі” і “тэрарыстычнымі”, з 2020 года асуджана не менш за 60 чалавек на 185 гадоў і тры месяцы пазбаўлення волі.

Часцей за ўсё за донаты асуджаюць паводле арт. 3612 Крымінальнага кодэкса (фінансаванне экстрэмісцкага фарміравання).

Вядома аб пераследзе паводле арт. 2901 КК (фінансаванне тэрарыстычнай дзейнасці) за донаты ў ваенныя аб’яднанні ва Украіне, напрыклад, беларускаму палку Каліноўскага.

Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і наступных пратэстаў улады пад выглядам барацьбы з экстрэмізмам і тэрарызмам актыўна ажыццяўляюць палітычныя рэпрэсіі, выкарыстоўваючы адпаведныя артыкулы крымінальнага і адміністрацыйнага кодэксаў.

У тым ліку гэта датычыцца незалежных СМІ, пераважная большасць якіх пазбаўлена магчымасці працаваць у краіне, іх дзейнасць, а таксама любое супрацоўніцтва з імі крыміналізаваны.

Падзяліцца: