Мінск 23:50

Лукашэнка заявіў пра затрыманне “дыверсантаў на ўкраінскай мяжы” (дапоўнена)

Скрыншот: відэазапіс з неафіцыйнага тэлеграм-канала прэс-службы Лукашэнкі

16 лютага, Позірк. Пра затрыманне раніцай 16 лютага “некалькіх дыверсантаў на ўкраінскай мяжы” заявіў Аляксандр Лукашэнка на агульным сходзе Белкаапсаюза ў Мінску.

“Чэкісцкая вайсковая аперацыя завяршылася, затрыманы былі ўсе дыверсанты, сярод іх беларусы. І гэта практычна два-тры разы на тыдзень. Мы можам супакоіцца? Не можам”, — сказаў Лукашэнка (на падставе відэафрагмента з тэлеграм-канала яго прэс-службы).

Лукашэнка сцвярджае, што “з дапамогай дронаў, па балотах некаторыя з украінскіх грамадзян перапаўзалі на нашу мяжу, перакідвалі выбухоўку для здзяйснення дыверсій на тэрыторыі Расіі і Беларусі”.

Ён падкрэсліў, што работнікі Белкаапсаюза нават не заўважылі контртэрарыстычную аперацыю, “і добра”.

Інфармацыя пра ўвядзенне рэжыму контртэрарыстычнай аперацыі (КТА) у Лельчыцкім раёне Гомельскай вобласці, якая мяжуе ва Украінай, з’явілася 15 лютага ў тэлеграм-канале адпаведнага райвыканкама. Мясцовыя ўлады заклікалі жыхароў раёна захоўваць спакой і выконваць патрабаванні супрацоўнікаў КДБ, абласное ўпраўленне якога, як было заяўлена, і прыняло рашэнне пра КТА. Прычыны таго, што адбываецца, не называліся.

Пазней супрацоўнік райвыканкама паведаміў журналісту “Позірку”, што рэжым КТА звязаны з “вучэннямі сілавых структур”. Праца школ, садоў, службаў не спынялася.

Згодна з законам “Аб барацьбе з тэрарызмам”, у зоне правядзення контртэрарыстычнай аперацыі асобы, якія праводзяць гэтую аперацыю, маюць права: рабіць пры неабходнасці захады па часовым абмежаванні або забароне руху транспартных сродкаў і пешаходаў на вуліцах і дарогах, затрымліваць на тэрмін да трох гадзін грамадзян у выпадку несанкцыянаванага пранікнення або спробы пранікнення іх у зону правядзення аперацыі.

Сілавікі таксама маюць права ўваходзіць бесперашкодна ў любы час сутак у жыллё пры неабходнасці з пашкоджаннем прылад замыкання; абшукваць людзей пры спробе трапіць у зону аперацыі; выкарыстоўваць у службовых мэтах сродкі сувязі, якія належаць грамадзянам, дзяржаўным органам і іншым арганізацыям.

У зоне правядзення аперацыі дзейнасць работнікаў СМІ рэгулюецца кіраўніком аператыўнага штаба па кіраванні контртэрарыстычнай аперацыяй.

Падзяліцца: