Мінск 11:07

Віцэ-спікер парламента Славакіі прапанаваў аднавіць дэпутацкую “групу сяброўства” з Беларуссю

Фота: старонка Андрэя Данка ў "Фэйсбуку"

18 лютага, Позірк. “Важным крокам” у адносінах паміж краінамі з’яўляецца аднаўленне ў парламенце Славакіі дэпутацкіх “груп дружбы” з Беларуссю і Расіяй, напісаў на сваёй старонцы ў “Фэйсбуку” Андрэй Данко, віцэ-спікер славацкага Нацыянальнага савета.

Славацкая нацыянальная партыя, лідарам якой ён з’яўляецца, “прапануе на парламенцкім узроўні пашырыць супрацоўніцтва з Расіяй і Беларуссю”.

“Нацыянальны савет зацвярджае групы сяброўства ў кожны перыяд выбараў, — адзначыў палітык. — Славацкая нацыянальная партыя хоча, каб Нацыянальны савет меў добрыя адносіны з усімі дзяржавамі”.

Паводле слоў Данко,”узаемная камунікацыя на парламенцкім узроўні з’яўляецца важнай умовай разумення і супрацоўніцтва”.

9 лютага Данко і іншы віцэ-спікер славацкага парламента Любаш Блага сустрэліся ў Браціславе з паслом Беларусі ў Аўстрыі Андрэем Дапкюнасам. Па выніках сустрэчы беларускіх дыпламат назваў славацкіх палітыкаў “шчырымі сябрамі Беларусі, якія заўсёды выступаюць у інтарэсах сапраўднага сяброўства паміж народамі і абараняюць нацыянальныя інтарэсы сваіх краін”.

У сваю чаргу Блага заявіў, што сустрэча была “вельмі сардэчная”, бо “Беларусь — наш сябар, і мы ніколі не забудзем ахвяру гэтага адважнага славянскага народа ў Другой сусветнай вайне”.

“Я зраблю ўсё для далейшага развіцця нашага супрацоўніцтва, мне заўсёды падабалася бываць у гэтай цудоўнай краіне, і я лічу санкцыі супраць Беларусі абсурднымі”, — сказаў палітык.

“Мы зробім усё, — дадаў ён, — каб нармалізаваць адносіны як з Расіяй, так і з Беларуссю”.

30 верасня мінулага года ў Славакіі прайшлі пазачарговыя парламенцкія выбары, на якіх перамагла левацэнтрысцкая партыя “Напрамак — сацыяльная дэмакратыя” на чале з Робертам Фіца. Ён чацвёрты раз узначаліў урад краіны. Да гэтага Фіца кіраваў кабінетам у 2006–2010, 2012–2016 і 2016–2018 гадах.

Пасля прыходу да ўлады новых сіл Славакія дэкларуе прарасійскую (і адпаведна прамінскую) пазіцыю, аднак толькі на ўзроўні рыторыкі. 1 лютага Браціслава прагаласавала за вылучэнне Еўрасаюзам Украіне 50 млрд еўраў цягам 2024–2027 гадоў.

Беларускія ўлады адносяць Славакію да “недружалюбных краін”. Як член Еўрапейскага саюза Славакія падтрымлівае санкцыі супраць Мінска, а таксама міжнародную платформу для Беларусі па прыцягненні вінаватых да адказнасці.

У верасні 2023 года ўрад Беларусі пастанавіў да 1 снежня таго ж года закрыць пасольства ў Браціславе.

29 жніўня 2023 года дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская сустракалася з кіраўніком МЗС Славакіі Міраславам Улахоўскім. Бакі абмяркоўвалі пытанні дапамогі беларускім добраахвотнікам і ветэранам, “правакацыі з боку рэжыму Лукашэнкі”, праблему наяўнасці палітвязняў і неабходнасць іх неадкладнага вызвалення.

Данко, будучы на той момант спікерам парламента Славакіі, у чэрвені 2019 года наведваў Мінск і сустракаўся з Лукашэнкам.

Падзяліцца: