Мінск 22:36

Лукашэнка “накрыла інфармацыйнай хваляй так званага прадчування трэцяй сусветнай вайны”

Фота: тэлеграм-канал "Пул Первого"

20 лютага, Позірк. “Нас літаральна накрыла інфармацыйнай хваляй так званага прадчування трэцяй сусветнай вайны, пра якое толькі не сказаў лянівы. І падставы для апасенняў ёсць”, — заявіў 20 лютага Аляксандр Лукашэнка на нарадзе з кіроўным складам органаў сістэмы забеспячэння нацыянальнай бяспекі ў Мінску.

Паводле слоў Лукашэнкі, якія цытуе неафіцыйны тэлеграм-канал яго прэс-службы, “ваенная сіла зноў стала галоўным аргументам сусветных цэнтраў вырашэння пытанняў, нібыта і не было мільённых страт і жахаў Першай і Другой сусветных войнаў”.

“Не больш спакойная сітуацыя і на Еўрапейскім кантыненце, у тым ліку каля нашых межаў, — лічыць ён. — У непасрэднай блізкасці ад Беларусі і Расіі ў рамках аперацый Альянсу [НАТО], якія праводзяцца ў Еўропе, размешчаны каля 32 тыс. вайскоўцаў кантынгентаў аб’яднаных узброеных сіл НАТО і ЗША. Гэта больш за тысячу адзінак бронетэхнікі, каля 160 артылерыйскіх сістэм і мінамётаў, 235 самалётаў і верталётаў”.

“Прагнозы несуцяшальныя. Апетыты і актыўнасць калектыўнага Захаду будуць толькі нарастаць”, — сказаў Лукашэнка.

На яго думку, “Вашынгтон і яго саюзнікі” прадоўжаць пашыраць НАТО, “сітуацыя для іх больш чым спрыяльная”. Ён лічыць, што “амаль усе еўрапейскія лідары ператварыліся ў падданых ЗША”.

“У тым, чыя палітыка, чые інтарэсы дамінуюць на тэрыторыі Еўрасаюза, няма ніякіх сумненняў”, — сказаў Лукашэнка.

24 лютага 2022 года Расія пачала поўнамаштабную вайну супраць Украіны, у якой улады ў Мінску падтрымліваюць Крэмль.

Падзяліцца: