Мінск 04:45

ЕС: Рэжым Лукашэнкі нясе адказнасць за жыццё і здароўе палітвязняў

Фота: "Позірк"

21 лютага, Позірк. Рэжым Аляксандра Лукашэнкі нясе адказнасць за жыццё і здароўе палітвязняў, заявіў афіцыйны прадстаўнік Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Петар Стана ў сувязі са смерцю Ігара Ледніка.

“Беларусь: трагічная смерць Ігара Ледніка ў турме паказвае нечалавечы маштаб рэпрэсій Лукашэнкі. У Беларусі больш за 1.400 палітычных зняволеных, з імі жорстка абыходзяцца або пазбаўляюць медыцынскай дапамогі”, — адзначыў Стана.

Паводле яго слоў, беларускі рэжым будзе прыцягнуты да адказнасці.

“Неадкладнага і безумоўнага” вызвалення палітвязняў запатрабаваў дэпутат Бундэстага, кіраўнік парламенцкай группы “За дэмакратычную Беларусь” Робін Вагенер.

Ігар Леднік памёр на 64-м годзу жыцця ў Мінскай раённай бальніцы, куды быў планава дастаўлены з бабруйскай калоніі №2. Пра гэта стала вядома 20 лютага. Раней ён адбываў пакаранне ў магілёўскай калоніі №15.

Прычынай смерці стала спыненне сэрца.

Журналіст і грамадскі актывіст быў затрыманы 12 красавіка 2022 года. Спачатку ён быў арыштаваны на 15 сутак, затым у дачыненні да яго пачалася крымінальная вытворчасць. 6 верасня 2022 года суд Ленінскага раёна Мінска (суддзя Таццяна Шоцік) прыгаварыў Ледніка да трох гадоў пазбаўлення волі паводле арт. 367 Крымінальнага кодэкса (паклёп у дачыненні да прэзідэнта) за публікацыю ў часопісе “Пазіцыя”, які выдаваўся Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыяй (Грамада).

Леднік стаў як мінімум пятым палітвязнем, які не дажыў да выхаду на волю.

Падзяліцца: