Мінск 21:29

Вальфовіч назваў беларусаў, якія з’ехалі за мяжу, “былымі грамадзянамі”

Фота: "Позірк"

22 лютага, Позірк. “Не ўсе хочуць, каб усё спакойна праходзіла на тэрыторыі нашай краіны. Некаторыя нашы былыя грамадзяне, якія ўцяклі за мяжу, вельмі хочуць, каб тут было неспакойна, нестабільна. А народ, які жыве сапраўды дома, на сваёй зямлі, вядома ж, зацікаўлены ў бяспецы. І задача сілавога блока, усіх людзей у пагонах — забяспечыць гэтую бяспеку”, — такую заяву зрабіў дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч пасля датэрміновага галасавання на выбарах у Палату прадстаўнікоў і мясцовыя саветы

Паводле яго слоў, якія прыводзяць дзяржСМІ, на поўную магутнасць працуе нядаўна ўведзеная ў эксплуатацыю сістэма грамадскага маніторынгу бяспекі. “Гэта значыць, гэта звыш 30 тыс. камер па ўсёй краіне, якія адсочваюць абстаноўку. Інфармацыя сцякаецца ў аператыўна-сітуацыйныя штабы для маментальнага рэагавання на тую ці іншую сітуацыю, якая можа ўзнікнуць”, — сказаў Вальфовіч.

Сілавыя органы, паводле яго слоў, “пачынаючы з першага дня датэрміновага галасавання, пераведзеныя на ўзмоцнены рэжым працы”, таму што “абстаноўка няпростая”.

“Галоўная задача — забяспечыць абарону канстытуцыйнага ладу, грамадскую бяспеку на тэрыторыі нашай краіны, абараніць нашых грамадзян, перасцерагчы ад любых рызык і выклікаў і, вядома ж, забяспечыць бяспеку на тэрыторыі выбарчых участкаў”, — сказаў дзяржсакратар Савета бяспекі.

Суграмадзян, якія з’ехалі, Вальфовіч назваў былымі нягледзячы на тое, што іх не пазбаўлялі грамадзянства, хоць такая магчымасць цяпер прадугледжаная для завочна асуджаных за “экстрэмісцкую дзейнасць”.

18 лютага ў эфіры тэлеканала СТБ міністр унутраных спраў Іван Кубракоў паведаміў, што падчас выбараў будзе дзейнічаць аператыўна-сітуацыйны штаб.

“У выпадку нейкіх надзвычайных сітуацый я наўпрост буду дакладваць кіраўніку дзяржавы”, — заявіў ён, дадаўшы, што”сёння ўвесь горад Мінск цалкам практычна знаходзіцца пад відэаназіраннем”.

9 лютага начальнік галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі МУС Аляксандр Купчэня заявіў аб магчымым прыцягненні на выбарчыя ўчасткі мабільных груп хуткага рэагавання “з ліку супрацоўнікаў органаў унутраных спраў і спецпадраздзяленняў у поўнай экіпіроўцы, узброеных аўтаматычнай зброяй”.

Старэйшы даследчык Цэнтра новых ідэй (ЦНІ), былы дырэктар Інстытута сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук Генадзь Коршунаў у матэрыяле “Электаральная “біпалярачка” беларускіх (неда)выбараў” заявіў, што беларускія ўлады ўпершыню “адкрыта і незамутнёна” рыхтуюцца да выбараў як да спецыяльнай грамадска-палітычнай аперацыі.

На думку сацыёлага, простыя грамадзяне ўспрымаюцца рэжымам Аляксандра Лукашэнкі “не як выбаршчыкі, а як ворагі, калі не відавочныя, то схаваныя”.

20 лютага ў Беларусі пачалося датэрміновае галасаванне па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і мясцовых саветаў. Фармат пазычаны ў Расіі.

Сёлета ўпершыню пройдуць аб’яднаныя выбары — адзіны дзень галасавання прызначаны на 25 лютага.

На 110 месцаў у ПП НС восьмага склікання прэтэндуюць 265 кандыдатаў. На 12.512 месцаў у мясцовых саветах прэтэндуюць 18.802 чалавекі.

Для арганізацыі выбараў у адзіны дзень галасавання 25 лютага ўтворана 5.411 выбарчых камісій, у склад якіх увайшло 57.233 чалавекі.

Электаральная кампанія праходзіць на фоне маштабных рэпрэсій і зачысткі палітычнага поля ад апазіцыі.

Падзяліцца: