Мінск 23:51

ЕАБР звязвае “захаванне высокага росту заробку” ў Беларусі з падвышэннем базавай стаўкі

Фота: "Позірк"

4 сакавіка, Позірк. Захаванне “высокага росту заработнай платы” ў Беларусі канстатуюць у штотыднёвым макрааглядзе аналітыкі групы галоўнага эканаміста, намесніка старшыні праўлення Еўразійскага банка развіцця (ЕАБР) Яўгена Вінакурава.

“Тэмп росту заработнай платы ў рэальным выражэнні склаў 11,8 працэнта год да года ў студзені 2024-га, захаваўшыся на ўзроўні папярэдняга месяца. У многім гэта стала вынікам павышэння базавай стаўкі з 1 студзеня 2024 года на 6,4%, што прывяло да павелічэння заробкаў у бюджэтным сектары”, — адзначае ЕАБР.

Паводле даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта, намінальны налічаны сярэдні заробак работнікаў Беларусі ў студзені склаў 1.991,2 рубля — на 279,8 рубля менш (-12,32%), чым у снежні 2023-га, але на 306,3 рубля больш ( 18,18%), чым у студзені мінулага года. Пры гэтым інфляцыя ў студзені склала 0,8% да снежня 2023-га і 5,9% да студзеня таго ж года.

Ад пачатку года памер базавай стаўкі вырас з 235 да 250 рублёў (+6,4%). З дапамогай базавай стаўкі праз сістэму каэфіцыентаў і даплат фармуецца заробак работнікаў бюджэтнай сферы.

2 кастрычніка 2023 года Аляксандр Лукашэнка зацвердзіў важнейшыя прагнозныя (дэ-факта планавыя) параметры развіцця краіны на 2024 год, згодна з якімі рэальныя грашовыя даходы насельніцтва павінны вырасці на 3,5%, рэальныя заробкі — на 3,9%, намінальны сярэднямесячны заробак павінен узрасці да 2.087 рублёў (у бюджэтным сектары — да 1.634).

Падзяліцца: