Мінск 06:18

Лукашэнка заявіў, што яшчэ не прыняў “канчатковае рашэнне” аб удзеле ў прэзідэнцкіх выбарах

Фота: сайт Аляксандра Лукашэнкі

5 сакавіка, Позірк. Аляксандр Лукашэнка не прыняў “канчатковае рашэнне” аб удзеле ў выбарах прэзідэнта ў 2025 годзе. Пра гэта ён паведаміў 5 сакавіка ў Мінску на сустрэчы з актывам Беларускага саюза жанчын.

Лукашэнка адзначыў, што яго заява дзяржСМІ 25 лютага, азначае: “Я проста ім хацеў сказаць: “Пайду, супакойцеся”. Гэта не значыць, што я сказаў “пайду ці не пайду” (па відэафрагменце прэс-службы).

“Усё будзе залежаць ад таго, як мы падыдзем да гэтых выбараў, — дадаў Лукашэнка. — А раптам аб’явіцца чалавек, якому мы можам даверыць… Усякае можа быць, таму мы стварылі Усебеларускі народны сход. Не для Лукашэнкі. Я ўжо наеўся гэтай працы, гэта найцяжэйшая праца. Спаць кладзешся — думаеш пра гэта, калі не спіш — думаеш пра гэта, і прачынаешся раніцай — зноў пра гэта думаеш”.

Лукашэнка не ўдакладніў, пра што ён думае, аднак паведаміў: нягледзячы на тое, што “ёсць каму займацца” пытаннямі сельскай гаспадаркі, ён кожную раніцу глядзіць з акна на вуліцу і разважае пра надвор’е: “Гляджу, сёння суха. Думаю, добра, дожджык прайшоў, марозік невялікі, падсушыла. Значыць, можна араць, уносіць ўгнаенні, арганіку — дзе можна. На поўдні ўжо авёс пачалі сеяць. <…> Я ўсё роўна зноў у гэтае акно. Думаю, ну колькі можна вось так здзекавацца над сабой? Але гэта маё жыццё, у мяне няма іншага жыцця, акрамя вас”.

“І ўсё ж, — сказаў ён, — вы павінны разумець: я не вечны. Вы будзеце жыць пры новым прэзідэнце. І гэта вялікая мая задача”.

У той жа час Лукашэнка перакананы, што беларускія жанчыны адчуваюць “нейкую небяспеку” і мяркуюць, што акрамя яго, іх ніхто не абароніць.

“Ды не. Людзей дастаткова, але мы іх не бачым. Мы бачым рэальна, што хтосьці можа абараніць. Але я разумею, што лепш сініца ў руцэ, чым журавель у небе. Так, можа, дзесьці ёсць гэтыя людзі, але яны павінны выйсці на паверхню. Вы павінны ўбачыць свайго чалавека, які вас можа абараніць і не пашкадуе свайго жыцця, як бы гэта пафасна ні гучала”, — сказаў Лукашэнка.

Ён заклікаў жанчын не верыць, што “ў кагосьці нешта скраў, дзесьці там мільярды назапасіў”: “Іх немагчыма назапасіць адкрыта. Як ты іх назапасіш? І ўсе захоўваюць у доларах. Долары ў банку закапаеш пад дрэва — заўтра амерыканцы пакажуць кропку гэтую. <…>. Вы мяне проста паставілі ў такую сітуацыю і вымусілі мяне быць адносна сумленным у адносінах да вас, грамадства, наколькі гэта магчыма”.

Таксама ён паўтарыў выказаную ім шматкроць думку аб тым, што прэзідэнцтва — гэта “найцяжэйшы цяжар”.

Лукашэнка знаходзіцца на чале Беларусі амаль тры дзесяцігоддзі. У гэтым годзе яму споўніцца 70 гадоў.

У кастрычніку 2020 года на сустрэчы з затрыманымі апанентамі ў СІЗА КДБ ён паабяцаў больш не ўдзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах. Пра гэта паведаміў былы палітвязень Юрый Васкрасенскі, які перайшоў на бок улады. Паводле яго сцвярджэння, Лукашэнка заявіў, што шосты прэзідэнцкі тэрмін для яго апошні. “Даю вам слова, хлопцы”, — сказаў ён.

Гл. таксама:

У Беларусі ствараецца культ асобы Лукашэнкі, але масавага натхнення гэта не выклікае (на рускай мове)

Падзяліцца: