Мінск 04:52

104 дзеячы культуры маюць статус палітзняволеных — Беларускі ПЭН

Фота: pexels.com

6 сакавіка, Позірк. У Беларусі 104 дзеячы культуры маюць статус палітзняволеных; у 2023 годзе зафіксавана 1.499 парушэнняў культурных правоў дзеячаў культуры. Такія звесткі прыводзяцца ў маніторынгу парушэнняў культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры за 2023 год, які падрыхтаваў Беларускі ПЭН (на радзіме забаронены ўладамі).

ПЭН зафіксаваў 163 парушэнні ў дачыненні да 147 арганізацый і супольнасцяў; 57 — у дачыненні да аб’ектаў гістарычна-культурнай спадчыны і беларускай мовы; 182 старонкі дзеячаў культуры ў сацыяльных сетках або музычныя кліпы, кнігі, часопісы, сайты, ютуб-каналы і іншыя матэрыялы на культурную тэматыку ўнесены Міністэрствам інфармацыі ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Арганізацыя падкрэслівае, што “сітуацыя сацыяльна-палітычнага крызісу, у якім Беларусь апынулася ў выніку фальсіфікацыі рэжымам прэзідэнцкіх выбараў і сілавога задушэння мірных пратэстаў у 2020 годзе, працягвае негатыўна ўплываць на сферу культуры”.

Канстатуецца працяг палітычна матываванага пераследу дзеячаў культуры, публікуюцца дыфамацыйныя матэрыялы ў СМІ, сфера культуры прасякнута цэнзурай і татальным кантролем.

ПЭН адзначае, што ў зняволенні памерлі мастак Руслан Карчаулі, культурны менеджар і блогер Мікалай Клімовіч, мастак і перформер Алесь Пушкін.

“Дзеячы культуры зазнаюць у няволі жорсткае і бесчалавечнае стаўленне. Пераслед не спыняецца і пасля поўнага адбыцця пакарання”, — адзначаецца ў дакуменце.

У дачыненні да дзеячаў культуры часцей за ўсё парушалася права на справядлівы суд (306 выпадкаў), мелі месца адвольныя затрыманні (216); у дачыненні да арганізацый і супольнасцяў — стварэнне адміністрацыйных перашкод для дзейнасці, у тым ліку прымусовая ліквідацыя (92) і цэнзура (66).

Праваабаронцы падкрэсліваюць, што задушэнне іншадумства і свабоды выказвання думкі адбываецца пад выглядам барацьбы з экстрэмізмам і тэрарызмам. Датычнымі да “экстрэмісцкай дзейнасці” за мінулы год улады прызналі 80 дзеячаў культуры (агулам ужо не менш за 188), яшчэ 10 дзеячаў культуры ў 2023 годзе ўнесены ў “спіс тэрарыстаў” (28).

Музычны гурт “Tor Band”, Беларуская асацыяцыя журналістаў, радыё “Ранак”, медыя “Штодзень Гомель” і “MOST” унесены ў спіс экстрэмісцкіх фармаванняў.

“Рэпрэсіі і неспрыяльная грамадска-палітычная сітуацыя ў краіне ўжо трэці год значна змяняюць сферу культуры Беларусі — ідзе кардынальнае пагаршэнне сітуацыі. Задушаны і амаль вычышчаны незалежны сектар: закрыта большасць значных культурных арганізацый і ініцыятыў, амаль цалкам перакрыты легальныя магчымасці для вытворчасці і дэманстрацыі вынікаў творчасці. Афіцыйная культура Беларусі зазнае выцясненне непадкантрольных спецыялістаў, татальную ідэалагізацыю, адмову ад міжнароднага супрацоўніцтва, замыканне на прарасійскім вектары развіцця”, — адзначаецца ў дакуменце.

Падзяліцца: