Мінск 01:15

Пасольства Беларусі ў Балгарыі назвала Ціханоўскую “злачынцай” на фоне яе візіту ў Сафію

Скрыншот: твітар-акаўнт пасольства Беларусі ў Балгарыі

7 сакавіка, Позірк. Пасольства Беларусі ў Балгарыі, каментуючы візіт у Сафію дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай, назвала яе на сваёй старонцы ў сацсетцы Х (былы “Твітар”) “злачынцай”.

“Лепшая падтрымка Беларусі — захаванне асноўных прынцыпаў міжнароднага права, у тым ліку неўмяшанне ва ўнутраныя справы і павага суверэнітэту. Мы заклікаем вярнуцца да канструктыўнага дыялогу, заснаванага на партнёрстве і ўзаемнай павазе”, — гаворыцца ў заяве, апублікаванай 6 сакавіка.

Галоўны дарадца Ціханоўскай Франак Вячорка ў каментары “Позірку” адзначыў, што “беларуска-балгарскім адносінам ніхто не нашкодзіў так, як рэжым Лукашэнкі, і падчас візіту мы гэта бачылі”.

“Адыёзная дыпламатыя з боку гэтай амбасады, на жаль, толькі шкодзіць успрыманню беларусаў у Балгарыі”, — падкрэсліў Вячорка. Паводле яго слоў, “адсылка да захавання міжнароднага права ад прадстаўнікоў рэжыму, якія патапталіся па міжнародных нормах і дагаворах, выглядае смешна”.

“Іх проста не ўспрымаюць сур’ёзна і не хочуць мець спраў з рэжымам”, — падкрэсліў Вячорка.

Дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская наведвала Балгарыю з афіцыйным візітам 4–5 сакавіка. Яна правяла шэраг сустрэч з балгарскімі палітыкамі, у тым ліку з прэм’ер-міністрам Мікалаем Дзенкавым, кіраўніком МЗС Марыяй Габрыэль, спікерам Нацыянальнага сходу Расенам Жэлязкавым, былым прэм’ерам, кіраўніком парламенцкага камітэта ў справах Еўропы Кірылам Петкавым, мэрам Сафіі Васілам Тэрзіевым, намеснікам міністра юстыцыі Эмілем Дзечавым, дарадцам міністра ў еўрапейскіх справах Стэфанам Тафравым.

3 сакавіка, за суткі да візіту Ціханоўскай у Балгарыю, Аляксандр Лукашэнка заявіў пра гатоўнасць да аднаўлення “канструктыўнага супрацоўніцтва” з Балгарыяй, “у першую чаргу ў гандлёвай і гуманітарнай сферах”.

Віншуючы 3 сакавіка народ гэтай краіны з Днём вызвалення ад асманскага прыгнёту, ён выказаў упэўненасць, што збліжэнню Мінска і Сафіі будуць спрыяць “духоўная блізкасць, сімпатыя і павага паміж Беларускім і балгарскім народамі”.

Падзяліцца: