Мінск 21:09

Візітам у Малдову дэмсілы адбіраюць у рэжыма Лукашэнкі палітычную прастору — Кавалеўскі

Сустрэча Святланы Ціханоўскай і Маі Санду
Фота: Прэс-служба Святланы Ціханоўскай

22 кастрычніка, Позірк. Дэмакратычны рух “адбірае палітычную прастору ў рэжыму і пашырае непрызнанне Лукашэнкі”, такім чынам намеснік Святланы Ціханоўскай ў Аб’яднаным пераходным кабінеце (АПК), прадстаўнік АПК па міжнародных справах Валер Кавалеўскі падсумаваў вынікі паездкі беларускага дэмлідара ў Малдову 20–21 кастрычніка.

“Візіт Святланы Ціханоўскай у Малдову, яе афіцыйная сустрэча з прэзідэнтам [Маяй] Санду замацоўвае і развівае новы напрамак у міжнароднай працы дэмакратычных сіл Беларусі — супрацоўніцтва з краінамі Усходняга партнёрства, якія адначасова ўваходзяць у СНД”, — цытуе палітыка прэс-служба кабінета.

Паводле інфармацыі АПК, на сустрэчы Ціханоўская і Санду абмеркавалі сітуацыю ў Беларусі і Малдове, еўрапейскія перспектывы абедзвюх краін і супраца на міжнароднай арэне.

Пра ўзаемную падтрымку на міжнародных пляцоўках палітык дамовілася са спікерам парламента Ігарам Гросу. На перамовах з ім таксама была ўзнятая тэма еўрапейскіх памкненняў беларускага і малдоўскага народаў. Бакі абмеркавалі сітуацыю ў рэгіёне і развязаную РФ вайну супраць Украіны.

Супрацу ў міжнародных парламенцкіх арганізацыях, супрацьдзеянне расійскай прапагандзе і падтрымку беларускай дыяспары ў Малдове дэмлідар абмеркавала з прадстаўнікамі парламенцкай групы “За дэмакратычную Беларусь”.

Ціханоўская выступіла на форуме жаночага лідарства Moldova Women Forum 2023.

На саміце Садружнасці Незалежных Дзяржаў 13 кастрычніка ў Бішкеку (Кыргызстан) Аляксандр Лукашэнка згадаў Малдову ў пераліку краін, якія Захад, на яго думку, хоча адарваць ад СНД.

“Нагадаю, што галоўнай мэтай стварэння Садружнасці было не дапусціць разрыву сувязей пасля развалу Савецкага Саюза. Гэта не задавальняла і сёння не задавальняе нашых канкурэнтаў — Захад, які дагэтуль не пакідае спробаў расхістаць нас, аслабіць і падпарадкаваць сваім інтарэсам. Спачатку выйшла з нашага аб’яднання Грузія, дэ-факта з намі няма Украіны. Вялікія пытанні па Малдове. Не заўсёды па-партнёрску паводзіць сябе, нажаль, Арменія”, — сказаў ён.

Падзяліцца: