Мінск 20:40

Сейм Польшчы заклікаў увесці эмбарга на ўвоз у ЕС прадуктаў харчавання і сельгаспрадукцыі з Беларусі

Фота: Сейм Польшчы / Marta Marchlewska

8 сакавіка, Позірк. Сейм Польшчы заклікаў Еўракамісію “ўнесці прапанову аб увядзенні санкцый у сувязі з імпартам расійскіх і беларускіх прадуктаў харчавання і сельскагаспадарчай прадукцыі ў Еўрасаюз”.

Адпаведная рэзалюцыя прынятая польскім парламентам 7 сакавіка. Яе тэкст апублікаваны на сайце Сейма.

На думку дэпутатаў, закупка ў Беларусі і РФ прадуктаў харчавання і сельгаспрадукцыі “працягвае прыносіць велізарныя даходы” Мінску і Маскве.

“Наш маральны абавязак — спыніць гандаль, які можа прама ці ўскосна спрыяць умацаванню здольнасці Расіі і Беларусі, якая яе падтрымлівае, працягваць вайну з Украінай. Тым больш расійскі імпарт можа ўключаць збожжа, скрадзенае з акупаваных тэрыторый Украіны”, — гаворыцца ў рэзалюцыі.

Падкрэсліваецца, што гандаль з Беларуссю і Расіяй “аказвае негатыўны ўплыў на адзіны [еўрапейскі] рынак”.

“Расія працягвае сваю стратэгію ператварэння прадуктаў харчавання ў зброю, выклікаючы збоі ў пастаўках украінскай сельскагаспадарчай прадукцыі па ўсім свеце. Таму галоўным прыярытэтам ЕС павінен стаць працяг падтрымкі Украіны ў аднаўленні экспарту яе тавараў у краіны, якія ў гэтым больш за ўсё маюць патрэбу. Гандаль харчаваннем і сельскагаспадарчай прадукцыяй не можа працягваць падтрымліваць жорсткі расійскі рэжым і яго памагатых у Мінску”, — заяўляецца ў дакуменце.

Разам з тым Сейм адзначае, што ЕС варта таксама прыняць захады па “абароне адчувальных сектараў еўрапейскага рынку ад празмернага імпарту з Украіны”.

“Чакаем, што Еўракамісія ў тэрміновым парадку правядзе працу, накіраваную на больш хуткае вяртанне <…> правілаў, якія вынікаюць з Пагаднення аб асацыяцыі паміж ЕС і Украінай”, — падкрэсліваюць польскія парламентарыі.

Таксама Сейм заклікаў “прыпыніць і выправіць” укараненне ў адзінае заканадаўства “празмерных, неразумных і дарагіх” палажэнняў “зялёнага курсу”, якія ўстанаўліваюць дадатковыя патрабаванні да сельскай гаспадаркі. “Дзеянні па абароне клімату павінны ўлічваць рэальныя патрэбы і магчымасці еўрапейскіх фермераў”, — гаворыцца ў дакуменце.

Прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск 4 сакавіка заявіў пра намер ініцыяваць увядзенне “поўных санкцый” на ўвоз у Еўрасаюз сельскагаспадарчых і харчовых тавараў з Беларусі і Расіі.

Паводле яго слоў, “агульнаеўрапейскае рашэнне [аб увядзенні такіх санкцый] будзе непараўнальна больш эфектыўным, чым асобныя рашэнні краін рэгіёну”. “Гаворка ідзе пра тое, каб зрабіць санкцыі больш рэалістычнымі і ўзмацніць іх у сувязі з нападам Расіі на Украіну і супрацоўніцтвам Беларусі з РФ”, — сказаў Туск.

Польскі экспарт у Беларусь у 2023 годзе дасягнуў рэкорднай адзнакі — украінскія СМІ

7 сакавіка, Позірк. Экспарт польскіх тавараў у Беларусь у 2023 годзе стаў рэкордным, сама меней, з 2000 года, дасягнуўшы каля 2,9 млрд долараў. Такія лічбы прыводзіць украінскае выданне "Эканамічная праўда" са спасылкай на статыстычныя даныя ААН. Самым вялікім кірункам польскага …
Падзяліцца: