Мінск 03:53

Пастаянны прадстаўнік анэксаванага Крыма пры Пуціне заявіў пра адсутнасць праблем у працы з Беларуссю

Замак "Ластаўчына гняздо" ў Ялце
Фота: funtime.com.ua

11 сакавіка, Позірк. “Ніякіх праблем” у працы з “добрым суседам Беларуссю” няма, заявіў ТАСС Георгій Мурадаў — пастаянны прадстаўнік уладаў анексаванага Расіяй Крыма пры прэзідэнце РФ.

“Цяпер актыўна развіваем сувязі з Віцебскай вобласцю — рэгіёнам-партнёрам Крыма, — сказаў чыноўнік. — І вельмі хацелася б стаць і для Беларусі паўднёвай марской брамай”.

Паводле яго слоў, пакуль гэтаму перашкаджаюць высокія чыгуначныя тарыфы на паўднёвым кірунку, якія “значна вышэй, чым на паўночным”.

24 кастрычніка 2023 года дарадца-пасланнік амбасады Беларусі ў Маскве Аляксандр Шпакоўскі (па выніках не прызнаных дэмакратычнымі краінамі выбараў 25 лютага 2024-га стаў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу восьмага склікання) заявіў, што Беларусь будзе працаваць з Крымам “гэтак жа, як і з іншымі рэгіёнамі Расіі”.

Ён паведаміў, што Беларусь “істотна інтэнсіфікавала кантакты” з Крымам. Улады ў Мінску цікавіць “стварэнне сумесных вытворчасцей і лагістыка, курортны патэнцыял” паўвострава.

Акрамя таго, паводле слоў дарадцы-пасланніка амбасады, Беларусь зацікаўленая ў выкарыстанні партовай інфраструктуры Крыма.

Летась 20 кастрычніка па маршруце Ялта — Мінск пачаў курсіраваць аўтобус. Рэйсы выконваюцца раз на чатыры дні.

30 лістапада 2021 года ў інтэрв’ю міжнароднаму інфармацыйнаму агенцтву “Расія сёння” Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Крым дэ-факта — “гэта расійскі Крым”, а пасля рэферэндуму 2014 года “і дэ-юрэ Крым стаў расійскім”. Паводле яго сцвярджэння, украінскія вайскоўцы без бою аддалі Крым, баючыся, што паўвостраў пяройдзе пад кантроль НАТО.

У сваю чаргу прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі неаднаразова заяўляў пра намер Кіева вярнуць Крым “любымі сродкамі, якія палічыць правільнымі”.

Падзяліцца: