Мінск 19:40

Лукашэнка прапанаваў ускласці на жыхароў Мінска частку выдаткаў на добраўпарадкаванне двароў

Фота: onliner.by

11 сакавіка, Позірк. Прызначаючы 11 сакавіка новых кіраўнікоў мясцовай вертыкалі, Аляксандр Лукашэнка пракаментаваў скаргі, якія паступаюць ад жыхароў Мінска на “неналежную якасць утрымання дваровых тэрыторый, дарог і гэтак далей”, паведамляе яго прэс-служба.

Ён прапанаваў частку выдаткаў на добраўпарадкаванне двароў перакласці на насельніцтва.

“Каб зрабіць у Мінску за адзін раз усе двары (нешта мы пачалі, вядома, рабіць, нікуды ад гэтага не пойдзеш), мы з нейкай вёскі забяром грошы. Лішніх грошай не бывае. Трэба тлумачыць гэта, і перш за ўсё тут, у Мінску”, — сказаў Лукашэнка.

Паводле яго слоў, пытанне менавіта “ў фінансах”: “Давайце аб’яднаемся: хоць бы 2% [прафінансуе] насельніцтва, якое жыве ў гэтых дварах і глядзіць на няроўнасці розныя, лужыны і канавы. А астатнія 98% — дзяржава”.

“Павінен быць вынік. Звярніце на гэта ўвагу. І арганізоўвайце людзей. Не хочуць людзі самі сабе чагосьці зрабіць у двары — добра, чакайце. Калі-небудзь праз год-два-тры прыедзем, зробім. Захочуць — дапамажыце людзям”, — падкрэсліў Лукашэнка.

Таксама ён даручыў ураду да 9 траўня “навесці парадак і аднавіць дарожнае палатно, дзе гэта неабходна”.

“Усе дарогі павінны быць адноўленыя. Гэта і задача ўрада. Перадайце асабіста прэм’ер-міністру, хай пачынае займацца разам з віцэ-прэм’ерам”, — удакладніў Лукашэнка.

Гаворачы аб добраўпарадкаванні ўчасткаў уздоўж дарог, ён запатрабаваў “не гарадзіць дарагія платы, а высаджваць дрэвы, якія ўтвараюць жывую загарадзь”. Мінская вобласць, на яго думку, “у гэтым плане адстае ад іншых рэгіёнаў”.

“Перадайце [старшыні Мінаблвыканкама Аляксандру] Турчыну маё вельмі жорсткае патрабаванне. Калі не выканае маё даручэнне і вы таксама — з нагоды пасадкі ўздоўж дарог елак… Каб людзі не лазілі з трымерамі і па тры разы не касілі адхон”, — заявіў Лукашэнка.

Падзяліцца: