Мінск 21:05

Колькасць палка Каліноўскага складае амаль 5 тыс. чалавек — камандзір ПКК Прохараў (дапоўнена)

Дзяніс Прохараў
Фота: "Позірк"

11 сакавіка, Позірк. Колькасць палка імя Кастуся Каліноўскага (ПКК), які ваюе на баку Украіны, складае амаль 5 тыс. чалавек, заявіў у інтэрв’ю парталу online.ua камандзір беларускага добраахвотніцкага фарміравання Дзяніс Прохараў (пазыўны “Кіт”).

Паводле яго слоў, за два гады байцы ПКК “са звычайных грамадзянскіх” змаглі ператварыцца ў “прафесійных вайскоўцаў, якія ведаюць, як максімальна якасна выконваць сваю працу”.

У падраздзяленні імя Тадэвуша Касцюшкі (магчыма, маецца на ўвазе батальён “Western”. — Позірк“.), якое ўваходзіць у склад палка, ёсць добраахвотнікі “з усяго свету — палякі, канадцы і французы”, адзначыў Прохараў.

Што тычыцца беларусаў, то яны, паводле слоў камандзіра, вырашылі стаць на абарону Украіны, бо ўсведамляюць, што “ў нас агульны вораг”. “Расійская імперыя сама па сабе нікуды не дзенецца і РФ ніколі не спыніцца на паўдарозе”, — сказаў Прохараў.

“Ад таго, як хутка мы справімся з ворагам, залежыць тое, як хутка беларусы змогуць вярнуцца на радзіму. У нас ёсць лозунг — “Мы вызваляем Беларусь праз вызваленне Украіны”, — падкрэсліў камандзір ПКК.

Батальён імя Кастуся Каліноўскага быў створаны 9 сакавіка 2022 года. 26 сакавіка таго ж года ён увайшоў у склад Узброеных сіл Украіны (УСУ), а 21 траўня было абвешчана аб яго трансфармацыі ў полк у складзе двух батальёнаў — “Волат” і “Тэрор”. Пазней быў сфарміраваны трэці — “Літвін”. Пасля” Тэрор ” стаў асобным падраздзяленнем УСУ па-за складам палка.

25 верасня 2023 года ПКК абвясціў аб стварэнні новага батальёна “Western” з удзелам замежнікаў, у склад якога ўвайшлі “афіцэры краін НАТО і замежныя грамадзяне, якія маюць баявы вопыт у Іраку і Афганістане”.

У Беларусі па факце стварэння палка Каліноўскага ўзбуджаная крымінальная справа, ён прызнаны “экстрэмісцкім фарміраваннем”.

Паводле інфармацыі “Радыё Свабода”, па стане на ліпень 2023 года ва Украіне ваявала каля 450 беларускіх добраахвотнікаў, большасць з іх — у ПКК. Таксама на баку Украіны змагаецца “Беларускі добраахвотніцкі корпус”, асобныя грамадзяне Беларусі ўключаны ў склад II Інтэрнацыянальнага легіёна, 79-й Украінскай асобнай дэсантна-штурмавой брыгады і іншых частак Узброеных сіл Украіны.

Падзяліцца: