Мінск 00:24

У Беларусі кепска шукаюць карысныя выкапні, лічыць Лукашэнка

Крыніца: freepik.com/atlascompany

12 сакавіка, Позірк. У Беларусі кепска шукаюць карысныя выкапні, вынікае з заявы Аляксандра Лукашэнкі 12 сакавіка ў Мінску на нарадзе пра стан і развіццё мінеральна-сыравіннай базы.

На сустрэчы прысутнічаюць прадстаўнікі ўрада, Нацыянальнай акадэміі навук, кіраўнікі абласцей, “Беларуснафты” і “Беларуськалія”.

“Усе карысныя выкапні — наш нацыянальны здабытак, — цытуе Лукашэнку неафіцыйны тэлеграм-канал яго прэс-службы. — Стратэгічны запас, які належыць народу. І толькі народу. Гэта і калій, і нафта, і самы вялікі рэсурс — простая вада (бясцэнны рэсурс), і многае іншае. Але з тым, што мы маем, трэба слушна і па-гаспадарску распараджацца. А тое, што не маем, трэба шукаць. Шукаем кепска”.

Паводле яго слоў, у краіне “няблага вывучаны прыродныя багацці, якія знаходзяцца на паверхні”. “А вось пра тое, што пад зямлёй ведаем далёка не ўсё. Таму трэба нарошчваць геолагаразведачныя работы”, — канстатаваў ён.

Лукашэнка заявіў, што “ўласныя мінеральна-сыравінныя рэсурсы краіне патрэбныя заўсёды”, бо яны з’яўляюцца залогам “суверэнітэту і стабільнага развіцця эканомікі”.

Паводле яго слоў, здабыча карысных выкапняў “вядзецца па ўсёй Беларусі”, пры гэтым “кантралюючыя органы інфармуюць, што часта эксплуатацыя і рэкультывацыя кар’ераў ідуць з парушэннямі”.

“Гэта і сам бачу. Жудасная карціна. Прычыны яны (кантралюючыя органы. — “Позірк”.) бачаць у недастатковым узаемадзеянні недропользователей і мясцовай улады. Патанулі ў бюракратыі, бясконцых узгадненнях, экспертызах дзе трэба і дзе не трэба. А пакутуе справа”, — дадаў Лукашэнка.

Падзяліцца: