Мінск 01:59

Еўрапарламент праводзіць новую акцыю падтрымкі беларускіх палітвязняў

Удзельнікі акцыі ў рамках ініцыятывы #EPstandsBYyou
Фота: старонка Роберты Метсола ў сацыяльнай сетцы Х

12 сакавіка, Позірк. На пленарнай сесіі Еўрапейскага парламента ў Страсбургу (Францыя) 11–14 сакавіка праходзіць другая акцыя ў рамках ініцыятывы #EPstandsBYyou.

Паводле інфармацыі праваабарончага цэнтра “Вясна”, еўрапарламентарыі могуць падпісаць паштоўку з назвай ініцыятывы і выявай пераможнага жэсту. Акцыя скіраваная на “прыцягненне ўвагі да цяжкай сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі”, у прыватнасці да становішча палітвязняў, якіх “нелегітымны рэжым Лукашэнка ўтрымлівае ў турмах па надуманых абвінавачваннях, падвяргаючы іх пастаяннаму жорсткаму абыходжанню і ўтрымліваючы ў нечалавечых умовах”.

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, у ініцыятыўную групу ўваходзяць восем дэпутатаў: ад Польшчы — Анджэй Халіцкі, Ганна Фатыга; Літвы — Юозас Алекас, Пятрас Аўштравічус, Раса Юкнявічэне, Андрус Кубілюс; Германіі — Віёла фон Крамбон-Таўбадэль; Нідэрландаў — Ційс Ройтан.

Першая акцыя ініцыятывы #EPstandsBYyou прайшла ў снежні 2022 года. На 12 сакавіка 2024-га праваабаронцы прызнаюць палітвязнямі 1.418 чалавек, хаця насамрэч рэпрэсаваных з палітычных матываў у разы больш.

Падпісаць згаданую паштоўку заклікала дэпутатаў 11 сакавіка прэзідэнт Еўрапарламента Раберта Метсола, выступаючы на адкрыцці сесіі ЕП. Паводле яе слоў, “25 лютага ў Беларусі прайшоў чарговы раунд фіктыўных парламенцкіх і мясцовых выбараў на фоне працяглых рэпрэсій і парушэнняў правоў чалавека, якія пагаршаюцца”. Еўрапарламент “ніколі не заплюшчыць вочы на тое, як Лукашэнка душыць іншадумства, як людзей арыштоўваюць, катуюць і заключаюць у турму па палітычна матываваных абвінавачаннях”, дадала Метсола.

8 лютага ЕП прыняў рэзалюцыю “Новая хваля масавых арыштаў актывістаў апазіцыі і членаў іх сем’яў у Беларусі”, у якой сярод іншага заклікаў ЕС і міжнародную супольнасць не прызнаваць вынікі беларускіх выбараў у Палату прадстаўнікоў і мясцовыя саветы дэпутатаў, — праз адсутнасць празрыстасці, свабоды і справядлівасці.

Еўрапарламент заклікаў неадкладна і безумоўна вызваліць усіх палітвязняў, членаў іх сем’яў і “асоб, якія зазналі адвольнае затрыманне”. Яны павінны быць адноўленыя ў правах і атрымаць кампенсацыю.

На думку еўрапейскіх дэпутатаў, санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі павінны быць больш жорсткімі, у тым ліку ў дачыненні да тавараў, вырабленых з выкарыстаннем прымусовай працы палітвязняў. Неабходна таксама ўзмацніць фінансавыя санкцыі і абмежаванні супраць асоб, адказных за “сур’ёзныя парушэнні правоў чалавека”, у тым ліку высокапастаўленых чыноўнікаў і сілавікоў.

Еўрапарламентарыі выступілі за далейшае скарачэнне дыпламатычнай прысутнасці Беларусі ў Еўрасаюзе, працяг падтрымкі ахвяр рэжыму праз спецыяльныя інструменты, якія дазваляюць ім атрымліваць візы і пасведчанне на жыхарства ў ЕС.

Яны заклікалі Еўракамісію і дзяржавы ЕС і далей “падтрымліваць дакументаванне парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі”, “ператварыць аналіз сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, які праводзіцца Упраўленнем Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека, у цалкам незалежны механізм расследавання”, “падтрымліваць мандат спецыяльнага дакладчыка ААН па правах чалавека ў Беларусі” і “ўзмацніць адказнасць праз экстэрытарыяльную і ўніверсальную юрысдыкцыю”.

ЕП заявіў пра салідарнасць з народам Беларусі і падтрымку яго “законных памкненняў да дэмакратычнай і еўрапейскай будучыні”, а таксама пацвердзіў “прыхільнасць да нястомнай працы з дэмакратычнымі сіламі, грамадзянскай супольнасцю і незалежнымі СМІ, каб прынесці карысць народу Беларусі”.

Рэзалюцыю падтрымалі 459 дэпутатаў, супраць выступілі 14, устрымаліся — 33.

Падзяліцца: