Мінск 01:22

Суд у Сербіі адмяніў рашэнне аб экстрадыцыі ў Беларусь рэжысёра Гнёта (дапоўнена)

Крыніца: pixabay.com

12 сакавіка, Позірк. Апеляцыйны суд у Бялградзе скасаваў пастанову аб экстрадыцыі ў Беларусь рэжысёра Андрэя Гнёта, справа адпраўленая на новы разгляд, паведамляе Deutsche Welle.

Сваё рашэнне апеляцыйная інстанцыя матывавала тым, што не ўсе абставіны, паводле якіх вынесенае рашэнне аб экстрадыцыі, даследаваныя. Акрамя таго, Гнёту не далі слова ў ходзе першага працэсу.

Пры гэтым беларус на волю не выйшаў, тэрмін яго ўтрымання пад вартай падоўжаны на 60 дзён.

Новы разгляд справы прызначаны на 26 сакавіка.

Паводле інфармацыі аб’яднання былых сілавікоў BelPol, 41-гадовы Гнёт быў затрыманы 30 кастрычніка 2023 года памежнай службай Сербіі па прылёце ў Бялград, пасля чаго перададзены паліцыі.

Прычына затрымання — знаходжанне ў міжнародным вышуку на запыт Нацыянальнага цэнтральнага бюро Інтэрпола Беларусі ад 21 верасня 2023 года на падставе крымінальнага пераследу на тэрыторыі Беларусі. Мэта запыту — экстрадыцыя ў Беларусь для ажыццяўлення крымінальнага пераследу.

Офіс Святланы Ціханоўскай паведамляў, што “сочыць за сітуацыяй” і дамагаецца вызвалення Гнёта. Як заявіла “Позірку” дарадца дэмлідэра па прававых пытаннях Крысціна Рыхтэр, офіс звярнуўся да паслоў краін ЕС і ЗША ў Сербіі. “Адгукнулася каля васьмі дыпламатаў, якія стварылі нефармальную групу падтрымкі Андрэя“, — сказала Рыхтэр.

29 лютага праваабарончы цэнтр “Вясна” паведаміў, што Інтэрпол заблакаваў даныя Гнёта, пачаўшы праверку падстаў, паводле якіх беларускія ўлады абвясцілі яго ў вышук. Адвакат Гнёта настойвае, што падабаронны пераследуецца па палітычных, а не эканамічных матывах, як заяўляюць у Мінску.

BelPol заклікаў далучыцца да падтрымкі рэжысёра, распаўсюджваючы інфармацыю пра яго. Арганізацыя адзначыла, што выратаваць яго ад “траплення ў крывавыя лапы рэжыму” неабходна цяпер, а “не выказваць сваю занепакоенасць аб яго долі потым”.

Андрэй Гнёт — рэжысёр тэлерэкламы і музычных кліпаў, журналіст. Займаўся вытворчасцю відэапрадукцыі для Свабоднага аб’яднання спартсменаў (SOS.by), якое ў Беларусі прызнанае “экстрэмісцкім фарміраваннем”.

У траўні 2022 года выйграў конкурс Effie Awards Russia. У 2016-м партал marketing.by паведамляў, што ён з’яўляецца “адным з самых вядомых і запатрабаваных” беларускіх рэжысёраў, сярод яго кліентаў такія вядомыя айчынныя брэнды, як МТС, Mark Formelle, “Бульбаш”, “Аліварыя”, “Спартак”, “Беллакт”, World Of Tanks.

Падзяліцца: