Мінск 14:38

Чарговыя контрсанкцыі ў дачыненні да “недружалюбных дзяржаў” закранулі падатковую сферу

Крыніца: pixabay.com

13 сакавіка, Позірк. З 1 красавіка 2024 года і да канца 2026 года стаўка падатку на даходы замежных арганізацый, якія не ажыццяўляюць дзейнасць у Беларусі праз пастаяннае прадстаўніцтва, устанаўліваецца ў памеры 25%, калі размова ідзе аб арганізацыях з дзяржаў, уключаных у пералік “недружалюбных”.

Гэта вынікае з апублікаванай 13 сакавіка на Нацыянальным прававым інтэрнет-партале пастановы ўрада ад 7 сакавіка № 164.

Цяпер гэта стаўка, за выключэннем асобных выпадкаў, складае 15%.

Да “недружалюбных дзяржаў” на дадзены момант уладамі аднесены ўсе краіны ЕС, а таксама Аўстралія, Албанія, Вялікабрытанія, Ісландыя, Канада, Ліхтэнштэйн, Новая Зеландыя, Нарвегія, Паўночная Македонія, Сербія, ЗША, Чарнагорыя і Швейцарыя.

Акрамя таго, з 1 чэрвеня прыпыняецца выкананне палажэнняў міжнародных пагадненняў аб прадухіленні двайнога падаткаабкладання з Аўстрыяй, Бельгіяй, Балгарыяй, Вялікабрытаніяй, Венгрыяй, Германіяй, Даніяй, Ірландыяй, Іспаніяй, Італіяй, Кіпрам, Латвіяй, Літвой, Македоніяй, Нідэрландамі, Румыніяй, Славакіяй, Славеніяй, ЗША, Фінляндыяй, Францыяй, Харватыяй, Чэхіяй, Швейцарыяй, Швецыяй і Эстоніяй.

Тэрмін прымянення гэтай меры “можа быць скарочаны ў выпадку ўстаранення абставін, якія паслужылі падставай для яе прымянення, або па прапанове Міністэрства па падатках і зборах”.

Размова ідзе, у асноўным, аб прыпыненні дзеяння названых пагадненняў у частцы выплаты дывідэндаў і працэнтаў.

У прэамбуле дакумента зазначаецца, што названыя меры ўводзяцца на падставе ўказа Аляксандра Лукашэнкі ад 14 сакавіка 2022 года нумар 93 “Аб дадатковых мерах па забеспячэнню стабільнага функцыянавання эканомікі” і “ў адказ на прымяненне ў абыход палажэнняў Кіраўніка VII Статута Арганізацыі Аб’яднаных Нацый шэрагам дзяржаў адносна Рэспублікі Беларусь, яе грамадзян і юрыдычных асоб аднабаковых абмежавальных мер эканамічнага характару, не санкцыянаваных Саветам Бяспекі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый і (або) несумяшчальных з прынцыпамі і нормамі міжнароднага права”.

Раней урад вызначыў парадак і ўмовы выдачы дазволаў асобам з “недружалюбных краін” на адчужэнне прыналежнай ім маёмасці і доляй у статутных фондах (акцый).

Адпаведную пастанову Савета міністраў № 27 ад 12 студзеня 2024 года сярод іншага рэгулюе адчужэнне нерухомасці юрыдычнымі асобамі, у якіх грамадзянам гэтых дзяржаў належыць 25% статутнага фонду; выхад з юрыдычных асоб удзельніка-замежніка.

Дазвол на адчужэнне маёмасці выдаецца ў выглядзе ўрадавай пастановы, якая “дзейнічае адзін год з дня яе прыняцця і не вызваляе ўласнікаў маёмасці, удзельнікаў, юрыдычных асоб ад выканання патрабаванняў, прадугледжаных іншым заканадаўствам”.

11 лістапада 2022 года Лукашэнка прыгразіў нацыяналізацыяй кампаніям з замежным капіталам, калі яны захочуць пакінуць беларускі рынак.

Падзяліцца: