Мінск 02:07

На сустрэчы з Сінодам БПЦ Лукашэнка заявіў, што ў 2020 годзе “некаторыя святары заняліся, мякка кажучы, палітыкай”

Фота: прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі

14 сакавіка, Позірк. “Мы памятаем, як у 2020 годзе некаторыя святары (на жаль, і некаторыя праваслаўныя) заняліся, мякка кажучы, палітыкай. Скажу, што для гэтага ў дзяржаве ёсць спецыяльныя інстытуты і падрыхтаваныя людзі. Справа царквы — задаваць маральныя хрысціянскія арыенціры”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка 14 сакавіка на сустрэчы з Сінодам Беларускай Праваслаўнай Царквы (БПЦ).

Паводле слоў Лукашэнкі, якога цытуе яго прэс-служба, у Беларусі “закладзеныя трывалыя асновы ўзаемадзеяння праваслаўнай царквы і <…> уладаў, дзяржавы ў цэлым”. Ён адзначыў, што “немагчыма без болю глядзець на рэлігійнае супрацьстаянне ў нашай брацкай Украіне” і “трагедыю”, якая “разгараецца і на святой зямлі”, дзе, на думку Лукашэнкі, маюць месца “спробы ўцягнуць у гэты канфлікт як мага больш іншых краін і народаў”.

Беларускае грамадства, сцвярджае ён, “адчувае беспрэцэдэнтны ціск” на ўзроўні ідэй і каштоўнасцяў, што “звязана з небывалымі тэмпамі развіцця тэхналогій” і навязваннем “загадзя дэструктыўных, разбуральных для грамадства і дзяржавы” “ўсёдазволенасці, спажывецтва, бяздзетнасці, ЛГБТ”.

Лукашэнка заявіў, што БПЦ у краіне “адведзеная не галоўная, а асаблівая роля”.

Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года адносіны дзяржавы і царквы ўскладніліся ў сувязі з тым, што многія іерархі і вернікі розных канфесій адкрыта выступілі супраць хвалі гвалту і рэпрэсій, якія рушылі за масавымі пратэстамі.

З пачатку палітычнага крызісу ў 2020 годзе ўлады запалохваюць, затрымліваюць і пагражаюць рэлігійным лідарам і абшчынам, абшчыны становяцца аб’ектам распальвання нянавісці і паклёпу з боку дзяржаўнай прапаганды, гаворыцца ў матэрыялах ініцыятывы “Хрысціянская візія”, перададзеных спецдакладчыцы ААН па Беларусі Анаіс Марэн у лютым.

Паводле даных ініцыятывы, з верасня 2020 года 19 праваслаўных, 25 рымска-каталіцкіх, 5 грэка-каталіцкіх, 25 пратэстанцкіх святароў, пастараў і служыцеляў падвергліся ператрусам, затрыманням, судам, арыштам, крымінальным пераследам, штрафам, катаванням і пагрозам.

Не менш за 10 каталіцкіх святароў затрымана ў Беларусі ў 2023 годзе. Такія даныя прыводзіць міжнародная дабрачынная каталіцкая арганізацыя “Дапамога царкве ў патрэбе”.

Знакавы для вернікаў касцёл Св. Сымона і Алены ў Мінску быў зачынены на рамонт пасля пажару, які здарыўся ў ноч на 26 верасня 2022 года.

На фоне ціску на рэлігійных лідараў, БПЦ адкрыта падтрымлівае РФ у вайне. Так, Свята-Елісавецінскі манастыр рэгулярна ўдзельнічае ў акцыях, якія падтрымліваюць расійскую агрэсію ва Украіне.

У траўні 2023 года абіцель заявіла аб правядзенні ў Мінску канцэрту ў падтрымку “шпіталяў і параненых байцоў расійскай арміі, якія ўдзельнічаюць у спецаперацыі”. Адзначалася, што сабраныя сродкі пойдуць на “закупку медабсталявання і лекавых сродкаў для шпіталяў Данбаса”. Канцэрт быў анансаваны хэштэгам “Сваіх не кідаем”, папулярным у расійскай ваеннай прапаганды. На афішы мерапрыемства адлюстравалі лацінскую літару Z — сімвал ўварвання Расіі ва Украіну.

7 студзеня мінулага года падчас наведвання манастыра з нагоды праваслаўнага Раства Лукашэнка падтрымаў збор дапамогі для расійскіх вайскоўцаў на фронце.

Падзяліцца: